Сёння перажываем ужо Другую Нядзелю пасля Божага Нараджэння. Чарговы раз літургія св. Імшы прапануе нам словы з Евангелля паводле Яна пралог – тэкст, які ўжо некалькі разоў мы чулі ў актаве Божага Нараджэння. Чаму так. Здаецца, што пачатак Евангелля паводле св. Яна вельмі складаны і не зразумелы. Патраба нам часу і малітвы, каб дзякуючы ласцы Духа Святога, мы спрабавалі хоць крыху зразумець, што сёння да мяне кажа Пан праз Сваё Слова. “На пачатку” – так пачынаецца і першая Кніга Старога Запавету, Бог прыпамінае нам, што Ён – пачатак ўсяго часу і пачатак кожнага існавання. Мая сувязь з Богам – гэта сэнс майго існавання, маё сяброўства з Ім, надае сэнс для майго жыцця і прызвання, у ім магу знайсці маё прызначэнне.
“У ім было жыццё”, Святы Павел у пасланні да Каласянаў піша “бо вы памерлыя – і жыццё ваша ўкрыта з Хрыстом у Богу” (Кал 3,3) – сапраўднае жыццё мы можам знайсці толькі ў Хрысце, бо Езус – Слова, і сапраўднае Жыццё і Свет, якога цемра не можа ахінуць. Езус стаў чалавекам, каб мы змаглі стаць Божымі дзецьмі, і братам для кожнага чалавека. Зло, грэх не можа нас апанаваць і парамагчы, калі Божае святло будзе ў нашай душы, калі мы прымем Езуса, як нашага Збаўцу і Пана.
Ян Хрысціцель прыйшоў, каб сведчыць пра Святло і каб усе паверылі праз яго. Так кожны з нас і сёння мае місію Яна Хрысціцеля, каб праз нашае жыццё кожны чалавек меў магчымасць убачыць сапраўднае Святло і паверыць, што толькі ў Ім сапраўднае Святло, якое дае жыццё вечнае. Праз Хрыста мы атрымалі ласку, хай нашае жыццё будзе падзякай Пану за ўсе дабро, якое мы атрымліваем ад Яго, бо толькі дзякуючы Яго дапамозе, мы можам разумець Святое Пісанне і жыць паводле яго, і тады Бог яшчэ больш напаўняе нашыя сэрцы сваёй ласкай.