Skip to main content

XХХ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

XХХ Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч

Мытнік і фарысей прыйшлі ў святыню памаліцца. Фарысей падчас малітвы хваліўся справамі сваімі і асуджаў іншых, а мытнік з глыбокім усведамленнем сваёй нягоднасці маліўся так: "Божа, будзь міласцівы да мяне, грэшніка". Першага асудзіў Госпад, а апошняга апраўдаў, кажучы, што кожны, хто ўзвышае самога сябе, прыніжаны будзе, а хто прыніжае сябе, узвысіцца.

Паважаныя, калі глядзець толькі на знешнія ўчынкі, то фарысея нельга ніяк назваць кепскім чалавекам. Па знешніх прыкметах ён быў справядлівейшы мытара: не рабаваў, не чужаложыў, не піў віна, пасціўся і г.д. Аднак, пры ўсім гэтым, малітва яго была адвергнутая.

Мытнік, наадварот, быў не без грахоў і заганаў. Ён сам ўсведамляе сваю грэшнасць, і аднак жа малітва яго была пачутая. Чаму здарылася так?

А вось чаму: фарысей з пыхай трымаў сябе ў адносінах да Бога. Горда увайшоў у храм, стаў наперадзе ўсіх, на бачным месцы. У ім непрыкметна было ніякай належнай глыбокай павагі да Бога і Яго Дому, ён пагардліва звяртаўся да іншых. Лічачы сябе праведным, ён называў іншых людзей благімі: рабаўнікамі, несправядлівымі, распуснікамі - мяркуючы па знешніх учынках, ілжыва і зменліва інтэрпрэтаваў іх.

Малітва мытніка была малітвай пакаяння і лямантам душы. І Бог пачуў яе, бо Ён бачыў чалавека, які патрабуе Яго дапамогі і які ўсведамляе ўласнае бяссілле. Пакора зрабіла мытніка годным Божай ласкі.

У Касцёле няма розніцы. Усе маюць роўныя правы. Самае нязначнае месца цалкам дастаткова для таго, каб ўзносіцца ў малітве да Бога. Месца не так важна, галоўнае тое, што адчувае сэрца.

Дарагія! Перад намі дзве дарогі: ці мы пойдзем крокамі фарысея да ўласнага спакою і знешняй пашаны, ці ўступім у сляды мытніка з яго пакорным сэрцам. I толькi ад нас залежыць, якой дарогай будзем крочыць да Бога.