Skip to main content

XХХ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

XХХ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

Сёння ў літургіі ўспамінаем Гадавіну пасвячэння ўласнага касцёла, урачыстасць, таму і галоўная думка евангелля (Ян 4, 19-24) – пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. Евангелле ад Яна кажа нам аб спатканні Езуса з самарытанскай жанчынай, падчас якога ў размове з Хрыстом, яна прызналася ў сваім граху і вызнала веру ў Хрыста - крыніцу жывой вады, і сама стала такой крыніцай – бо дзякуючы ёй, у Хрыста павераць і іншыя людзі.

Падчас асырыйскай няволі Самарытане змяшаліся з іншымі народамі і да сваёй веры далучылі чужых багоў. Гэта было прычынай пагарды, якую аказвала рэшта выбранага народа да Самарытанаў. Сітуацыя яшчэ больш пагоршылася, калі нейкі святар, якога выгнаў Эздраш з Іерусаліма арганізаваў у Самарыі на гары Гэразім новае служэнне Богу і даў пачатак новай святарскай лініі. Ад гэтага часу Габрэі і Самарытане спрачаліся, якая служба Бога праўдзіўшая.

А Езус кажа: “што праўдзівыя вызнаўцы будуць пакланяцца Айцу ў Духу і праўдзе. І такіх вызнаўцаў шукае сабе Айцец”. Хрыстос прыпамінае нам, што сапраўднае пакланенне Богу, гэта не тое, што мы прыходзім у святыню, гаворым пэўныя малітвы, выконваем літургічныя жэсты…, але выражаецца ў духу – у чысціні сэрца і пакоры, калі прызнаем, што мы цалкам залежым ад Бога, і ў прыняцці праўды аб сабе, якую паказваем нашым жыццём. Калі будзем шукаць праўды і старацца жыць паводле яе – знайдзем яе. Але гэта будзе магчыма тады, калі паверым Езусу і даверым Яму сваё жыццё. Кажа ёй Езус:”Вер мне, жанчына” (Ян 4, 21) – таксама і кожнаму з нас Езус кажа сёння – вер Мне, даверся Мне і не пераставай верыць, нягледзячы на розныя абставіны і сітуацыі. Будуй на Мне сваё жыццё.