Пару дзён таму адбылася сустрэча моладзевага душпастарства "Оpen" на якую быў запрошаны а. Юзэф Аўгустын SI, вядомы польскі прапаведнік, аўтар шматлікіх кніг і артыкулаў пра хрысціянскае выхаванне.
На сустрэчы, на якой прысутнічала каля 70-ці маладзёнаў, дыялог распачаўся на тэму, якая цікавіць многіх маладых людзей - сям’і, сужанства і будавання ўзаемаадносінаў. Падкрэслівалася важнасць і прыгажосць паклікання да сужанства, і тое, што да гэтага пытання трэба падыходзіць надзвычай адказна. Тым больш, што ў сучасным свеце ўсё больш прапагандуецца жыццё так званых “сінгл” (single – адзін, самотны, англ.).
На працягу сустрэчы была магчымасць задаваць пытанні ў голас, а таксама пісаць ананімна, на картцы, сярод якіх ніводнага не засталося без адказу.
Цікавым было параўнанне сужанства з “тройкай коней”, каб падкрэсліць тое, што сямейныя клопаты, гэта як павозка, якую трэба “везці” сужанцам разам. Калі хто-небудзь лянуецца, то гэты цяжар аўтаматычна перакладваецца на другі бок. Такім чынам, асноўнымі рэчамі, якія робяць сужанства моцным і шчаслівым, па словам кс. Юзафа, з’яўляюцца партнёрства, узаемапавага і дыялог. Таксама быў прыведзены прыклад адной сям’і з Францыі, якія падзяліліся сакрэтам свайго прыгожага і радаснага сямейнага жыцця – гэта сумесная вячэрняя малітва, якая займае каля 30 хвілін. Пры гэтым не было патрэбы клікаць дзетак, бо яны самі прыходзяць і з задавальненнем далучаюцца да сумеснай малітвы.
Людміла Чэканава