XХV Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк
Літургія слова дваццаць пятай звычайнай нядзелі заахвочвае кожнага з нас да абароны бедных, да здабывання нябесных багаццяў і служэння ў зямным жыцці Богу, а не мамоне, якой з,яўляюцца багацці свету, перасцярагае нас перад пажадлівацю і заклікае да малітвы аб збаўленні ўсіх людзей.
Езус, у параўнанні да Евангелля з мінулай нядзелі, калі звяртаўся да кніжнікаў і фарысеяў, сёння звяртаецца да сваіх вучняў, і ставіць напачатку перад намі постаць гаспадара маёмасці і яго несправядлівага эканома.
Эканом меў у сваім уладанні ўсю маёмасць свайго гаспадара і жыў як хацеў, напэўна ён мог сабе дазволіць браць які хацеў працэнт ад умоў, якія заключаліся. Добра жылося… Толькі рана ці позна прыходзіць час разліку. Уладар даведваецца пра свайго эканома ўсю праўду і загадвае здаць справаздачу з працы, каб звольніўшы яго з пасады, развітацца з ім. Боязь застацца без кавалка хлеба і падтрымкі людзей падштурхоўвае нашага героя да пэўнай несправядлівасці; ён кожнаму з даўжнікоў свайго гаспадара скрэслівае пэўны працэнт доўгу. На першы погляд здаецца, што напаследак ён зноў ашукаў свайго гаспадара, але, як тлумачаць многія экзэгеты, гэта не так, бо з кожнага даўжніка ён напэўна адняў толькі “свой” працэнт умовы, а працэнт належны гаспадару заставаўся на даўжніках.
За такую махінацыю гаспадар нават напаследак пахваліў свайго несправядлівага эканома за разумны ўчынак, бо праз яго ён здабыў сабе прызнанне ў людзей.
“Здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры.” (Лк 16,9) Несправядлівая мамона – гэта нашыя зямныя даброты, якія кожны з нас мае. Езус звяртае на іх увагу, і называе іх несправядлівымі ў параўнанні да нябесных, духоўных багаццяў, якіх “а ні ржа, а ні моль не нішчаць і злодзеі не падкопваюцца і не крадуць” (пар. Мц 6,20).
Нажаль вельмі часта мы людзі вельмі прывязваемся да зямных, матэрыяльных рэчаў і хочам іх мець як найбольш, лічачы што без іх нашае жыццё будзе не поўным, не сапраўдным. Здабываючы іх мы вельмі часта крыўдзім бліжніх, забываючы што за кожнага намі пакрыўджанага чалавека нас будзе караць Справядлівы Суддзя. Калі ж мы аднак дзелімся з іншымі нашым багаццем, то здабываем сабе сяброў пасля смерці, якія напэўна скажуць перад Богам за нас слоўца. Айцы Касцёла адносілі словы сённяшняй прыпавесці да нашага абавязку дапамогі бедным, якіх належыць падтрымліваць на зямлі міласцінай і якія пасля смерці падаўцы міласціны будуць сведчыць на яго карысць перад Богам, як “здабытыя сабе сябры несправядлівай мамонай”.
Бог не забараняе кожнаму з нас мець тое ці іншае багацце, Ён толькі хоча каб сэрцы нашыя не былі прывязаныя да яго, “бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё” (Мц 6,21). Прыпамінаецца на гэтым месцы размова Езуса з багатым юнаком, які з-за багацця не змог пайсці за Панам, бо многа яго меў і моцна быў прывязаны да яго (Мц 19,16-22).
Мы слугі нашага Пана Езуса Хрыста, якія павінны выконваць на зямлі Яго волю. Кожны з нас павінен праз свой уласны прыклад жыцця прыцягваць іншых да Бога, матэрыяльныя рэчы маюць нам у гэтым дапамагаць, а не перашкаджаць. “Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзіць, а другога любіць, ці аднаго будзе моцна трымацца, а другім пагарджаць” (Лк 16,13). Апостал Хрыста не можа ставіць на адным узроўні Бога і мамону. Ён павінен Бога паставіць на першым месцы, а з матэрыльных рэчаў зрабіць сродак і прыладу, якая дапаможа здабыць самую галоўную мэту і вартасць, якой з’яўляецца Бог.