Skip to main content

XVІІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

XVІІ Звычайная Нядзеля. С. Антонія Шэйгерэвіч

У апошнюю нядзелю мы разважалі над гісторыяй Марыі і Марты, якая вучыць нас, падкрэсліваючы, якім важным у жыцці з’яўляецца час, ахвяраваны Богу. А сённяшняе Евангелле засяроджвае нашу ўвагу на Езусе, які моліцца сам. Хрыстос заўсёды прабывае разам з Айцом. Вучні, гледзячы на Езуса, які моліцца, просяць Яго, каб Ён навучыў іх маліцца.

Сёння мы таксама, як апосталы больш чым дзве тысячы год назад, таксама просім, каб Ён і нас навучыў маліцца. У адказ чытаем словы, знаёмыя нам з дзяцінства – словы малітвы “Ойча Наш”. Мы ведаем іх на памяць, але ці разумеем іх? Ці сапраўды молімся як Езус, як Сын да Айца. Езус вучыць нас сыноўскай паставы да Бога. Ці сапраўды я адчуваю сябе дзіцём Бога? Ці размаўляю з Ім, як сын з айцом, ці жыву праўдай, што я любімае дзіця майго Нябеснага Айца.

Таксама Езус звяртае ўвагу на тое, каб мы прасілі аб хлебе штодзённы(11,3), які “дазваляе” нам жыць на зямлі, але каб мы таксама памяталі аб хлебе, які дае жыццё вечнае – аб Эўхарыстыі, аб самім Езусе. Евангелле вучыць, што трэба прасіць, шукаць, стукаць – і тады мы атрымаем, ужо атрымалі. Як кажа Хрыстос? “Вы хоць злыя, але калі сын просіць айца, даяце толькі добрыя рэчы”. Тым больш Бог, калі мы Яго просім, сапраўды дае нам жыццё, і жыццё вечнае. І абяцае, што Айцец заўсёды пасылае нам у дапамогу Духа Святога, што пацвярджае святы Павел у пасланні да Рымлянаў (8,25-26): “Але калі спадзяёмся на тое, чаго не бачым, тады чакаем цярпліва. Таксама і Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі”.

Няхай нашае жыццё будзе падзякай Пану за дар вечнага жыцця і за тое, што можам звяртацца да Бога і называць Яго Айцом.