Skip to main content

XVІІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

XVІІ Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

Добрая Навіна сямнаццатай нядзелі кажа нам аб малітве Панскай і аб настойлівасці ў прадстаўленні сваіх просьбаў Богу.

Кожны з нас добра памятае з Евангелля, што Езус Хрыстус неаднаразова ўдаваўся на адасобленае месца, каб прысвяціць свой час, якога з-за наплыву людзей было не шмат, на размову з Айцом. Гэта бачылі Яго вучні. У сённяшнім фрагменце Евангелля яна просяць Настаўніка дапамагчы ім сфармуляваць сваю просьбу да Бога: “Пане, навучы нас маліцца”.

Усе мы ў часе нашых малітваў спатыкаемся з рознымі цяжкасцямі. То не можам знайсці часу на малітву ці адасобленага месца, то – цішыні, каб сфакусіравацца на размове з Айцом, то не можам сфармуляваць сваю малітву, удумацца ў словы, якія шэпчуць нашы вусны, і, напэўна, найчасцей – задаем сабе самому і Богу пытанне, ці Ён выслухоўвае нашы малітвы.

Святая сястра Фаустына так піша ў сваім “Дзённіку”: “Самай цяжкай пакутай для мяне было тое, што мне здавалася, што Богу непрыемныя мае малітвы і мае добрыя ўчынкі” (Дзн 68). Паводле кнігі а. Станіслава Урбаньскага “МІСТЫЧНЫ СВЕТ ДУХА”, гэты час носіць назву цёмнай ночы. З чымсьці падобным можа сутыкнуцца кожны хрысціянін: “Я прашу, а Бог маўчыць…”. Але ці так гэта ў рэчаіснасці? Насамрэч, гэта не праўда: кожную нашу просьбу, кожную нашу малітву Бог Айцец выслухоўвае, толькі шукае дабравольнага адказу таго, за каго мы просім і дабра ў сэрцы, а з нашага боку вытрымкі ў сваёй просьбе і згоды з воляй Бога. Праз вусны прарока Ісаі Айцец кажа: “Бо мае думкі не з,яўляюцца вашымі думкамі і вашы дарогі – маімі дарогамі” (Іс 55,8).

Ёсць добрая аповесць аб чалавеку, які хацеў дапамагчы матыльку выбрацца з кокану і разарваў яго. Але насамрэч гэта была “мядзведжая паслуга”: матылёк патрабаваў гэтага высілку, трэння крыламі аб кокан, каб яны набралі моцы, а дзякуючы “дапамозе” ён застаўся калекай. І вельмі часта мы просім Пана Бога аб “разарванні кокану” у кагосьці з нашых блізкіх. А калі Бог не робіць па нашай задуме, мы, як тыя дзеці, перастаём з Ім сябраваць. На жаль, у такія моманты мы забываемся, што Бог перад усім клапоціцца аб нашай душы і нашым збаўленні, і дзеля гэтага Ён карыстаецца сродкамі, якія ў нашых вачах здаюцца карай. Насамрэч гэта не так.

Другім пунктам нашага разважання над Божым словам будзе тэма вытрымкі ў нашых малітвах да Створцы. Першай асобай да пераймання з,яўляецца Абрахам з кнігі Быцця. Ён дзеля ратавання Садома і Гаморы вядзе дыялог з Богам, вельмі падобны да гандлю на рынку, спрачаецца аб цане за “тавар”. Вельмі важным і, напэўна, істотным тут будзе тое, што Бог прыслухоўваецца да яго “гандлю”, не застаўляе без увагі.

Другой асобай з’яўляецца сябар, які з-за сваёй настойлівасці атрымоўвае тое, аб чым просіць, нягледзячы на позні час.

Тамерлан апавядаў сваім сябрам досвед са сваіх маладых гадоў: “Аднаго разу я быў вымушаны шукаць сховішча ад ворагаў у развалінах старога будынку, дзе заставаўся ў самоце на працягу некалькіх гадзін. Хочучы адарваць свае думкі ад безнадзейнай сітуацыі, знайшоў занятак у назіранні за мурашкай, якая цягнула зярнятка намнога большае ад сябе на высокую сцяну. А я сядзеў і лічыў, колькі разоў яна павінна была распачаць сваю працу наноў, калі зярнятка падала ўніз – гэта сталася аж 69 разоў. Аднак мурашка зноў і зноў распачынала сваю працу і нарэшце на 70-ты раз ёй удалося асягнуць шчыт з зярняткам на плячах. Гэта была для мяне навука на ўсё маё жыццё”.

Прыклад з сённяшняй Добрай Навіны і прыклад з Тамерланам няхай будзе для нас заахвочваннем да “бамбардзіравання” Неба сваімі малітвамі. А словы з Евангелля няхай стануць упэўненасцю: “Прасіце – і будзе дадзена вам; шукайце – і знойдзеце; стукайце – і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае – знаходзіць; і хто стукае, таму адчыняць”.