XV Звычайная Нядзеля. Кс. Аляксандр Лебядзевіч
Сёння ў Евангеллі Езус яшчэ раз нагадвае нам пра сапраўдную любоў, якую мы павінны мець да кожнага чалавека. Нагадвае, што ў кожным чалавеку, незалежна ад веравызнання ці сацыяльнага статусу, ёсць добрае, і гэтае добрае трэба бачыць.
У гэтай прыпавесці Езус гаворыць, што варта дапамагаць чалавеку, нават калі ён сам наклікаў на сябе бяду, як гэта было з падарожнікам. Прыпамінае, што чалавек любой нацыянальнасці, які знаходзіцца ў небяспецы - наш блізкі. Нашая любоў павінна быць такой жа неабсяжнай, як і любоў Бога, а дапамога павінна быць практычнай і не абмяжоўвацца толькі спачуваннем. Спачуванне і шкадаванне, калі яны праўдзівыя, павінны выяўляцца ў справах.
Аднойчы старац вывеў вучняў на мароз і моўчкі ўстаў перад імі. Прайшло 5 хвілін, 10 ... Старац працягваў маўчаць. Вучні курчыліся, пераступалі з нагі на нагу, паглядалі на старца. Той маўчаў. Яны пасінелі ад холаду, дрыжалі, і, нарэшце, калі іх цярпенне скочылася, старац загаварыў. Ён сказаў: “Вам зімна? Гэта таму, што вы стаіце поразнь. Станьте бліжэй, каб аддаць адзін аднаму сваё цяпло. У гэтым і ёсць сутнасць хрысціянскай любові”.
Можа менавіта ў нашым свеце так “зімна”, таму што людзі стаяць здалёк адзін ад аднаго… Няхай нашыя словы аб любові Бога і бліжняга не будуць прыгожымі і пустымі.