Skip to main content

XV Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

XV Звычайная Нядзеля. Кс. Андрэй Кеўлюк

-  Што мне рабіць каб атрымаць вечнае жыццё? Напэўна кожны з нас неаднаразова задаваў Богу ў сваім сэрцы гэта пытанне, бо ўсё нашае зямное пілігрымаванне мае на мэце Валадарства Нябеснае, дзе для кожнага чалавека падрыхтаванае месца. Вучоны ў праве, які прыйшоў да Езуса таксама задаў гэтае пытанне і атрымаў вычарпальны адказ: “Любі Пана Бога твайго ўсім тваім сэрцам, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім; а бліжняга свайго, як самога сябе”. Здаецца, што гэтага дастаткова для чалавека які займаецца вывучэннем і тлумачэннем Права, але так як і ў кожнага з нас заўсёды ёсць пытанне, якое павінна паставіць суразмоўцу ў куток. Такое пытанне задаў і вучоны ў праве: “А хто ж мой бліжні?” Паводле меркаванняў біблістаў пытанне гэта адносілася да спрэчак аб прыналежнасці Ізраэля да Божага народу, і таму любоў належыць выказваць толькі тым, хто да Яго належыць, а іншымі можна заслугоўваюць на пагарду.

Паважаныя браты і сёстры, вельмі часта мы таксама падобныя да кніжніка з сёняшняга Евангелля; мы таксама з вамі дзелім людзей на групы: адным я прыйду з дапамогай, а лёс іншых мяне не датычыць, няхай нехта іншы ім дапамагае (у яго ёсць родныя, сваякі, знаёмыя, калегі па працы і т.д.). Другой непрыемнай справай зяўляецца тое, што пасля адвядзення свайго позірку на патрэбу бліжняга мы лічым самых сябе справядлівымі, якія адпаведна выконваюць Божыя наказы. Вельмі часта мы паўтараем чын святара з левітам, не даткнуўшыся да паўжывога чалавека захоўваем “права Маісея”, каб не стаць “рытуальна нячыстымі” і не пазбавіцца якіх-небудзь прывілеяў так як левіты, якія чакалі нагоды паслужыць пры алтары адракаючыся дапамагчы чалавеку (праз дотык да параненага чалавека, яны трацілі права быць выбранымі служыць (Лк 1,8).

Езус жа праз прыклад “нейкага самараніна” даў зразумець суразмоўцы і сваім слухачам, а таксама кожнаму з нас аб тым, што:

-          Кожны чалавек, з,яўляецца нашым бліжнім, нашым братам і сястрой,

-          Гэта датычыць асабліва тых, хто патрабуе дапамогі,

-          Не можна дзяліць людзей на групы,

-          Калі мы залічваем сябе да Божага Народу, то павінны выконваць Запаведзі любові.

Няхай словы Хрыста будуць для нас заахвочваннем, а таксама перасцярогай: “Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, тое і Мне зрабілі”, і “Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з тых найменшых, таго і Мне не зрабілі”, - І пойдуць гэтыя на муку вечную, а справядлівыя - ў жыццё вечнае”.