
27 лістапада Папа Леў XIV распачынае сваё першае апостальскае падарожжа ў Турцыю і Ліван, каб прыняць удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 1700-годдзю Першага Нікейскага Сабору. З гэтай нагоды Камісія Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі прапануе пераклад на беларускую мову Апостальскага ліста Папы Льва XIV In unitate fidei, здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла.
Старшыня Камісія Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB з нагоды падарожжа Святога Айца ў Турцыю і Ліван заклікае вернікаў Касцёла на Беларусі да асаблівай малітвы аб плёнах «міру, разумення і адзінства паміж народамі і канфесіямі».
АПОСТАЛЬСКІ ЛІСТ «IN UNITATE FIDEI»
І АПОСТАЛЬСКАЕ ПАДАРОЖЖА ЯГО СВЯТАСЦІ ПАПЫ РЫМСКАГА ЛЬВА XIV У ТУРЦЫЮ І ЛІВАН
Сёння, 27 лістапада, распачынаецца знакавая падзея — першае апостальскае падарожжа Яго Святасці Папы Рымскага Льва XIV у Турцыю і Ліван. Гэта падарожжа, якое адбываецца ў Юбілейны год Надзеі, мае асаблівае значэнне для ўсяго хрысціянскага свету.
З гэтай нагоды Камісія Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі прадстаўляе Апостальскі ліст Яго Святасці Папы Льва XIV «In Unitate Fidei» (У адзінстве веры).
Дакумент, прысвечаны 1700-годдзю Нікейскага Сабору, падкрэслівае важнасць адзінства ў веры і актуальнасць хрысціянскага сведчання ў сучасным свеце.
Апостальскі ліст з’яўляецца не толькі тэалагічным трактатам, але і шчырым заклікам да ўсіх вернікаў заставацца адзінымі ў фундаментальных праўдах веры. Юбілей Нікейскага Сабору, які заклаў хрысталагічны падмурак веры ў Езуса як «сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека», — гэта нагода зноў звярнуцца да вытокаў хрысціянскай традыцыі і да жывой памяці таго часу, калі Касцёлы былі аб’яднаныя. Сабор быў скліканы, між іншым, дзеля вызначэння адзінай даты святкавання Вялікадня.
Адзінства Касцёла, адзінства паміж Цэрквамі, экуменічны дыялог, вяртанне да каранёў Евангелля, Айцоў і першых Сабораў — гэта шлях, які дазваляе словам Езуса «каб усе былі адно» стаць рэчаіснасцю для ўсіх хрысціян.
Апостальскае падарожжа Яго Святасці ў Турцыю і Ліван — гэта не толькі пілігрымка да святынь, але і важны крок на шляху міжрэлігійнага дыялогу і прымірэння. Турцыя, краіна з багатай гісторыяй і шматкультурнай спадчынай, з’яўляецца сімвалам суіснавання хрысціянства і ісламу. Візіт Папы падкрэслівае значэнне мірнага дыялогу, узаемнай павагі і пошуку агульных каштоўнасцей.
Камісія Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў заклікае ўсіх вернікаў да асаблівай малітвы, каб пілігрымка Папы прынесла плён міру, разумення і адзінства паміж народамі і канфесіямі.
Юбілейны год Надзеі няхай стане часам аднаўлення духоўных сіл і пацвярджэння нашай веры ў Бога — крыніцу ўсякай надзеі.
Мы молімся, каб словы Папы Льва XIV, выкладзеныя ў Апостальскім лісце «In Unitate Fidei», знайшлі глыбокі водгук у сэрцах вернікаў і сталі трывалай асновай для жыцця ў адзінстве веры.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Старшыня Камісіі Божага Культу
і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
