Skip to main content

У Жамыслаўлі з удзелам біскупа Гродзенскага адзначылі 25-годдзе капліцы

zamyslawl 24

23 лістапада, у нядзелю Хрыста Валадара Сусвету, у Жамыслаўлі, які адносіцца да парафіі ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) адзначылі 25-ю гадавіну асвячэння мясцовай капліцы і адпустовую ўрачыстасць. Капліца носіць тытул Хрыста Валадара і Маці Божай Фацімскай.

Урачыстасць узначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Парафіяне, запрошаныя святары і пробашч кс. Аляксандр Лебядзевіч сустрэлі пастыра дыяцэзіі пры ўваходзе ў святыню, па традыцыі прывітаўшы дарагога госця з караваем у руках.

Біскуп, пробашч, біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства ў Лідскім рэгіёне кс. канонік Віталій Сідорка і дэкан Іўеўскага дэканату кс. Павел Калеснік увайшлі ў капліцу ва ўрачыстай працэсіі. У капліцы да пастыра дыяцэзіі звярнуліся з прывітальным словам старэйшыя вернікі, моладзь і дзеці. Затым пробашч узгадаў гісторыю пабудовы і асвячэння капліцы, якая была ўзведзена дзякуючы старанням ранейшага пробашча кс. Францішка Галдыся TChr. У апошнія гады ў святыні быў зроблены рамонт і прыведзена ў парадак тэрыторыя вакол яе.

На Імшы дзякавалі Богу за дар гэтай святыні, маліліся за парафію, да якой яна адносіцца, за ахвярадаўцаў, за кс. Францішка Галдыся і аб новых пакліканнях да святарства.

Біскуп Гродзенскі між іншым узгадаў, што наведваў Жамыслаўль у 1994 г., калі вучыўся ў семінарыі і праходзіў практыку ў парафіі ў Суботніках. Пробашчам парафіі тады быў а. Кшыштаф Грошэк, а гэтай капліцы яшчэ не існавала.

У гаміліі, закранаючы сэнс урачыстасці Хрыста Валадара Сусвету, біскуп сказаў, што Езус Хрыстус – “Пан гісторыі, Валадар неба і зямлі, тая самая Дабрыня, якая не толькі стварыла космас, але і неаднаразова ўзыходзіла на галготы чалавечага жыцця, каб наблізіць нас да Валадарства, якое не праходзіць, не старэе, не гіне і не падпарадкоўваецца законам часу”.

zamyslawl 38

Іерарх адзначыў, што юбілей любой святыні – “асаблівае сведчанне аб Хрысце, які заўсёды клапоціцца аб патрэбах свайго народу: у вялікіх катэдрах і ў маленькіх каплічках Ён адзін і той самы – Той, хто валадарыць з любові, служыць з пакоры і ратуе з міласэрнасці”.

Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, біскуп патлумачыў, што старажытны тытул “пастыр-кароль” “знайшоў сваё поўнае спаўненне ў Езусе Хрысце, у Валадары, які не пануе сілай зброі, не спаганяе платы, не дэманструе магутнасці ў чалавечым разуменні, а вядзе свой народ падобна да пастыра, які ідзе наперадзе, ахоўвае, лечыць раны, шукае тых, хто згубіўся, і радуецца кожнай вернутай авечцы”, і што Езус, як кажа Пісанне, быў памазаны самім Духам, “каб стаць Валадаром усяго стварэння, Валадаром сэрцаў, Валадаром сумленняў, Валадаром гісторыі, Валадаром тых, хто верыць, і нават тых, хто яшчэ не здагадаўся, што Ён іх Валадар”.

Па словах іерарха, у гісторыі капліцы ў Жамыслаўлі таксама бачны “знак пастырскай прысутнасці Хрыста, які вядзе гэты народ, ахоўвае ў цяжкія часы, падымае ў хвіліны крызісаў і дае супакой таму, хто прыходзіць сюды”. “У гэтай невялікай, але вельмі дарагой Богу святыні мы нагадваем сабе фундаментальную ісціну: Хрыстус ужо цяпер з’яўляецца Валадаром – не праз прызнанне зямных уладаў, не праз выяўленне сваёй сілы, але таму, што Ён ёсць Праўда, Ён ёсць Любоў, Ён ёсць Жыццё, – падкрэсліў біскуп. – Існуе пункт, які ніхто і ніколі не зможа зрушыць, – Хрыстус Валадар, які трымае ў руках космас і чалавечую гісторыю, а тым больш гісторыю кожнай парафіі, кожнай сям’і, кожнага чалавека”.

Іерарх дадаў, што Езус – “Валадар тых, хто прызнае сваю слабасць, хто вяртаецца, хто шукае прабачэння, хто хоць у апошні момант шэпча: “Пане, успомні мяне”.

Таксама ён звярнуў увагу на тое, што Валадарства Хрыста не трэба разумець як сімвалічнае паняцце: “Хрыстус Валадар хоча быць Валадаром нашых думак, нашых рашэнняў, нашых сем’яў, нашай працы, нашай мовы, нашых адносінаў, нашай культуры, нашай будучыні. Ён хоча валадарыць не праз страх, а праз любоў; не праз прымус, а праз свабоду; не праз абмежаванне, а праз плён Евангелля, якое вызваляе чалавека да сапраўднага шчасця”. “Таму кожны раз, калі мы аддаём Яму сваё жыццё, калі выбіраем дабрыню замест злосці, прабачэнне замест помсты, малітву замест пустаслоўя, удзел у святой Імшы замест духоўнай пасіўнасці, мы пашыраем Яго Валадарства”, – сказаў біскуп.

zamyslawl 42

Іерарх нагадаў, што ў нядзелю Хрыста Валадара Сусвету ў дыяцэзіі адзначаецца “семінарыйны дзень” – дзень малітваў у інтэнцыі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і аб новых пакліканнях да святарства. Біскуп заахвоціў вернікаў Жамыслаўля пастаянна прасіць Хрыста Валадара аб новых пакліканнях і аб падтрымцы студэнтаў, выкладчыкаў, выхавацеляў гродзенскай семінарыі і ўсіх, хто малітвай і ахвярай дапамагае яе існаванню.

У межах урачыстасці біскуп здзейсніў благаслаўленне новай фігуры Маці Божай Беззаганна Зачатай, якая ўсталявана недалёка ад капліцы, па дарозе да палаца Умястоўскіх.

На ўрачыстасці спяваў парафіяльны хор Хрыста Валадара. Перад Імшой была магчымасць прыступіць да споведзі.

У канцы літургіі быў праспяваны гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”. Удзельнікі Імшы памаліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам літаніяй да Сэрца Пана Езуса.

Пробашч падзякаваў біскупу, іншым святарам, парафіянам і гасцям за супольную малітву, выказаў удзячнасць ахвярадаўцам, якія прычыніліся да аднаўлення каплічкі з фігурай Маці Божай Беззаганна Зачатай, тым, хто аднаўляў гэтую каплічку і хто падчас падрыхтоўкі да ўрачыстасці ўдзельнічаў у прывядзенні ў парадак святыні і навакольнай тэрыторыі.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Людміла Пясецкая