Skip to main content

Пастырскі ліст біскупа Уладзіміра Гуляя на першую нядзелю Адвэнту 2025 года

IMG 9587горизонт 1

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

Сёння мы адзначаем першую нядзелю Адвэнту, якая ў Касцёле распачынае новы літургічны год. У пэўным сэнсе мы сёння распачынаем пісаць чарговы раздзел нашага жыцця, распачынаем новы этап нашай зямной пілігрымкі ў вечнасць. У гэтую першую нядзелю Адвэнту варта ўсвядоміць, што кожны дзень, кожны час і нават кожная хвіліна зямнога жыцця набліжаюць нас да моманту, калі мы перакрочым парог вечнасці і станем тварам у твар з Богам, нашым Створцам і Айцом, і Яго Сынам і нашым Збаўцам Езусам Хрыстом.

Праўда аб тым, што хвіліна адыходу з гэтага свету ўсё бліжэй да кожнага з нас, не павінна нас уражваць ці засмучаць. Бо мы як хрысціяне верым, што праз зямное жыццё ідзём на сустрэчу з Панам – Даўцам жыцця, прычым жыцця праўдзівага, вечнага, якое не мае канца. Мы сустрэнемся з Хрыстом і ўжо назаўсёды будзем разам, і ніякая сіла не ў стане будзе пазбавіць нас гэтага шчасця. Таму зямное жыццё хрысціяніна можна назваць нашым своеасаблівым Адвэнтам – гэта радаснае, поўнае веры і надзеі чаканне таго, калі споўніцца абяцанне вечнага збаўлення.

Пакуль працягваецца наш жыццёвы Адвэнт, Касцёл штогод запрашае нас перажываць Адвэнт літургічны – чатырохтыднёвую падрыхтоўку да святаў Божага Нараджэння. Гэты час Адвэнту асабліва важны і вельмі патрэбны кожнаму з нас. Бо мы чакаем прыйсця ў свет Сына Божага, які з’яўляецца Гарантам спаўнення ўсіх Божых абяцанняў. Езус Хрыстус, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, – адзіны пасрэднік паміж намі і Богам. Як калісьці, калі настала паўната часу, Сын Божы, народжаны з Дзевы Марыі, прыйшоў у гэты свет ва ўбостве і пакоры, так у хвіліну, якой мы не ведаем, прыйдзе Ён зноў, на гэты раз у паўнаце сваёй магутнасці і хвалы, каб пакласці канец усялякаму злу і адарыць паўнатой шчасця тых, хто належыць Яму.

У Евангеллі, якое мы чуем сёння ў літургіі, Пан Езус прыадкрывае перад намі таямніцу адносна свайго другога прыйсця: “Як было ў дні Ноя, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага. Бо, як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў час прыйсця Сына Чалавечага” (Мц 24, 37-39). З гэтых слоў Пана Езуса можна зразумець, што Яго другое прыйсце адбудзецца ў звычайных умовах, у якіх жыве чалавек, без нейкіх асаблівых знакаў. Таму тыя людзі, якія ў часы прыйсця Сына Чалавечага будуць празмерна захоплены зямнымі справамі, паглынуты манатоннасцю штодзённасці і заняты дробязямі гэтага свету, рызыкуюць проста не заўважыць найважнейшага моманту – таго, калі будзе вырашацца іх лёс у вечнасці.

Каб пазбегнуць такой шкоднай і небяспечнай сітуацыі, мы павінны чуваць, значыць прабываць у стане пастаяннай гатоўнасці да прыйсця Пана. “Таму чувайце, – заахвочвае нас сёння Пан Езус, – бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе. Знайце ж тое, што, калі б гаспадар дому ведаў, у якую варту прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не даў бы падкапаць дом свой” (Мц 24, 42-43). Святы апостал Павел, як бы паўтараючы Пана Езуса, тлумачыць нам, што азначае хрысціянскі стан чування: “Вы ведаеце, што настала ўжо пара, каб вы абудзіліся са сну. […] Ноч мінула, і наблізіўся дзень. Таму адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла. Як у дзень, будзем паводзіць сябе прыстойна, не ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, не ў сварках ды зайздрасці, але апраніцеся ў Пана Езуса Хрыста і не дагаджайце целу ў пажадлівасці” (Рым 13, 11-14).

Перыяд Адвэнту, які распачынаецца сёння, з’яўляецца для кожнага з нас часам разважання аб сабе, позірку ва ўласнае сэрца, роздуму над тым, што трэба змяніць у жыцці і паводзінах, каб яшчэ больш верна служыць Пану Богу і яшчэ лепш рэалізоўваць у штодзённасці наша асабістае і разам з тым агульнае для ўсіх хрысціян пакліканне да святасці. На гэтым засноўваецца чуванне Адвэнту, у якім вельмі карысныя такія духоўныя практыкі, як унутраны супакой, устрыманне ад гучных забаваў і пацех, дабравольныя абмежаванні, узмацненне малітвы, удзел у раратніх святых Імшах, добра пройдзеная споведзь і частая святая Камунія.

Традыцыйна Адвэнт з’яўляецца таксама часам практыкавання міласціны і дабрачыннасці, што павінна дапамагчы нам у пераадоленні эгаізму, скупасці і абыякавасці да бліжніх шляхам велікадушнага дзялення з людзьмі, якія знаходзяцца ў патрэбе, тым, што мы маем. Шмат каштоўных парадаў і ўказанняў на гэтую тэму мы можам знайсці ў апостальскай адгартацыі Святога Айца Льва XIV Dilexi te пра любоў да бедных.

“Сэрца Касцёла па самой сваёй прыродзе салідарнае з беднымі, выключанымі і маргіналізаванымі […], – піша Святы Айцец. – Бедныя знаходзяцца ў самым цэнтры Касцёла, бо менавіта з нашай веры ў Хрыста, які стаў бедным, будучы заўсёды блізкім да бедных і выключаных, вынікае клопат аб інтэгральным развіцці найбольш пакінутых у грамадстве” (DT, 111).

“Нярэдка дабрабыт асляпляе нас да такой ступені, – падкрэслівае Папа, – што мы думаем, быццам наша шчасце можа споўніцца толькі тады, калі мы здольныя абыходзіцца без дапамогі іншых. У гэтым сэнсе бедныя могуць быць для нас ціхімі настаўнікамі, зводзячы наш гонар і высакамернасць да стану належнай пакоры. […] У маўчанні сваёй сітуацыі яны ставяць нас перад нашай слабасцю. Напрыклад, пажылы чалавек праз крохкасць свайго цела нагадвае нам пра нашы слабыя пункты, нават калі мы стараемся схаваць іх за дабрабытам ці бачнасцю. Больш за тое, бедныя схіляюць нас да разважання над беспадстаўнасцю гэтай агрэсіўнай ганарлівасці, з якой мы часта супраціўляемся цяжкасцям жыцця. Па сутнасці яны паказваюць нашу крохкасць і пустату жыцця, якое здаецца абароненым і забяспечаным” (DT, 108-109).

Няхай гэты Адвэнт стане асаблівым часам ласкі, калі мы адкрыем свае сэрцы на людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе. Давайце не толькі падзелімся з імі матэрыяльнымі дабротамі, але і паспрабуем прысвяціць ім крыху часу, паказаць зацікаўленасць іх справамі, адарыць іх добрым словам, цёплай усмешкай, якімсьці, хаця б самым маленькім, учынкам любові і салідарнасці. Тады мы адчуем, што “больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць” (Дз 20, 35), i ў глыбіні сваіх сэрцаў спазнаем блізкасць Хрыста, які ў таямніцы Уцелаўлення “стаў бедным дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам” (пар. 2Кар 8, 9).

Дарагія браты і сёстры! Сёлетні Адвэнт распачынае год, які з’яўляецца асабліва важным і знамянальным для нашага Касцёла на Гродзеншчыне. У 2026 годзе мы будзем адзначаць 35-ю гадавіну заснавання Гродзенскай дыяцэзіі. Для нас гэта будзе нагода дзякаваць Пану Богу за наш мясцовы Касцёл, за дар адраджэння веры і рэлігійнага жыцця на нашых землях, за ўсё, што ў гэты час нам разам удалося дасягнуць.

Наш Касцёл на Гродзеншчыне – падобна як кожны 35-гадовы чалавек – з’яўляецца маладым і адначасова сталым. Знак гэтай сталасці – І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, які працягваецца цяпер і які мы з Божай дапамогай хочам завяршыць у наступным годзе. Верым, што Сінод адкрые нашу дыяцэзіяльную супольнасць на шырокія гарызонты евангелізацыі, укажа нам новыя выклікі і задачы, раскіне перад намі асноўныя кірункі далейшага развіцця і ўдасканальвання місіі, якую мы выконваем.

У будучым годзе адзначаецца таксама 35-я гадавіна біскупскага пасвячэння і юбілей 50-годдзя святарства Яго Эксцэленцыі біскупа Аляксандра. Выразім у малітве, як адна дыяцэзіяльная сям’я, сваю глыбокую ўдзячнасць першаму пастыру Касцёла на Гродзеншчыне за яго шматгадовае руплівае і ахвярнае служэнне, за айцоўскую любоў і клопат, якім ён ахінае кожнага з нас, за вялікія дасягненні ў будаўніцтве Касцёла ў вымярэнні як матэрыяльным, так і духоўным, якімі мы сёння ганарымся.

Дарагія вернікі нашай дыяцэзіі! Жадаю вам праз глыбокае і пабожнае перажыванне Адвэнту добра падрыхтавацца духоўна да святаў Божага Нараджэння. Няхай наш Збаўца Езус Хрыстус, чыё прыйсце мы ўжо хутка будзем святкаваць, народзіцца не толькі ў бэтлеемскай стаенцы, але і ў душы кожнага і кожнай з вас.

З усяго сэрца вас благаслаўляю, памятаю пра вас у сваіх малітвах і прашу аб малітве за мяне.

Ваш біскуп Уладзімір

Гродна, 21.11.2025

Тэкст Ліста для друку ТУТ>>>

Тэкст Ліста па-польску ТУТ>>>

Шаноўных ксяндзоў пробашчаў прашу прачытаць вернікам гэты пастырскі ліст у нядзелю 30.11.2025 г. на кожнай святой Імшы замест гаміліі.