Skip to main content

У Гродне прайшла сустрэча ўдзельнікаў курса “Вучань Хрыста” з біскупам Уладзімірам Гуляем

dewiatouka 514 лістапада ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне прайшла сустрэча ўдзельнікаў курса “Вучань Хрыста” з біскупам Гродзенскім Уладзімірам Гуляем.

Курс “Вучань Хрыста” пад кіраўніцтвам а. Андрэя Урублеўскага CSsR вернікі гэтай і іншых парафій праходзяць ужо не першы год. Курс працягваецца чатыры гады, яго мэта – духоўная фармацыя ўдзельнікаў. Ён бярэ пачатак ад Школы евангелізацыі святога Андрэя (SESA) – сукупнасці школ евангелізацыі ва ўсім свеце, якія маюць агульнае бачанне, метадалогію і праграму навучання.

“Тэрмін “новая евангелізацыя” папулярызаваў Ян Павел ІІ. У энцыкліцы “Redemptoris Missio” ён падкрэсліў, што акрамя місіянерскіх краін існуе мноства месцаў, дзе цэлыя групы ахрышчаных людзей страцілі сэнс жывой веры. Новая евангелізацыя накіравана на хрысціян, якія былі ахрышчаны, але па нейкіх прычынах аддаліліся ад Касцёла. Як адказ на заклік Пантыфіка, выражаны не толькі ў энцыкліцы “Redemptoris Missio”, але і ў апостальскім лісце “Christifideles laici”, з’явіліся школы новай евангелізацыі, якія маюць канкрэтны пастырскі план пад назвай “Redemptoris Missio”. Гэты план уключае праграму курсаў, якая праводзіць удзельніка праз розныя этапы фармацыі: ад “неевангелізаванага” чалавека да “вядучага школы евангелізацыі”, – паведамляе Алена Харольская, якая перадала нам інфармацыю пра сустрэчу.

Асноўнай тэмай сустрэчы было місіянерства і новая евангелізацыя. У пачатку сустрэчы а. Андрэй Урублеўскі выступіў з канферэнцыяй “Пакліканы да адзінства” з серыі “Разам на місіі”. Затым увазе прысутных быў прадстаўлены абраз Маці Божай Зоркі новай евангелізацыі з падрабязным тлумачэннем значэння ўсіх яго элементаў. Выява была створана ў ліпені 1992 г. па просьбе Яна Паўла ІІ, які хацеў, каб Панна Марыя ўшаноўвалася як Зорка евангелізацыі. “Марыя не мае нічога большага, нічога каштоўнейшага, – у Яе ёсць толькі Езус. Ён – Той, у кім мае патрэбу свет”, – гучала ў апісанні.

На сустрэчы выступілі ўдзельнікі курса “Вучань Хрыста”, якія прайшлі ўсе чатыры гады вучобы і з’яўляюцца лідарамі розных іншых курсаў, якія праводзяцца ў гэтай і іншых парафіях дыяцэзіі (керыгматычныя курсы “Альфа” і “Новае жыццё”, курс “Хлопчык з хлябамі”, прызначаны для тых, хто шукае сваё месца ў Касцёле, курс “Эмаўс”, які тлумачыць, як жыць Евангеллем, курс “Ян”, прызначаны для фармацыі вучняў Хрыста, курс для жанчын “Марыя Магдалена” і іншыя). Выступоўцы распавялі аб сваёй фармацыі і служэнні на гэтых курсах, аб цяжкасцях, падтрымцы з боку іншых членаў супольнасці, перамогах над уласнай няўпэўненасцю і страхамі, кіраўніцтве Святога Духа, сумеснай малітве.

dewiatouka 2

У прыватнасці, каардынатар курса “Хлопчык з хлябамі” Сяргей распавёў, што быў катэгарычна супраць удзелу ў якіхсьці курсах, але, прыйшоўшы аднойчы разам з жонкай на заключную сустрэчу курса “Альфа”, у якім тая ўдзельнічала, “пачуў заклік”. Цяпер, таксама разам з жонкай, ён ажыццяўляе сямейнае служэнне ў сваёй і іншых парафіях.
Яніна, якая заснавала ў Гродзенскай дыяцэзіі больш за 60 груп апостальства “Маргарытка”, сутнасцю якога з’яўляецца штодзённая малітва за канкрэтных святароў, распавяла пра сустрэчы малых евангелізацыйных груп, удзельнікі якіх вучацца сумесна праслаўляць Бога Айца, Сына і Святога Духа. Сэрцам гэтых малых евангелізацыйных груп, як было адзначана, з’яўляецца абмен духоўнымі перажываннямі, пры гэтым расказваючы выключна пра сябе, не каментуючы, не павучаючы і крытыкуючы іншага.
Біскуп Уладзімір Гуляй у канцы сустрэчы сказаў, што ўдзячны Богу за кожнае пачутае на ёй слова і сведчанне.

Іерарха вельмі ўразіў абраз Маці Божай Зоркі новай евангелізацыі. Біскуп з’яўляецца выкладчыкам марыялогіі ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра ў Гродне, і тэма Маці Божай вельмі блізкая яму. Звярнуўшы ўвагу на тое, што на гэтым абразе Багародзіца босая і што босыя ногі сімвалізуюць пакору, іерарх заклікаў прысутных быць пакорнымі і адважнымі. Ён дадаў, што часта чалавек не ведае, на якую дарогу яго накіруе Пан і куды яна вядзе, але гэтая дарога абавязкова прывядзе ў неба.

Акрамя таго, біскуп падкрэсліў, што сёння місіянеры, якія абвяшчаюць Хрыста, патрэбны не толькі ў далёкіх краінах, але і ў Беларусі, у мясцовых парафіях.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі