Парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары (Шчучынскі дэканат) адзначыла адпустовую ўрачыстасць, у межах якой Імшу цэлебраваў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.
На літургіі біскуп удзяліў сакрамэнт канфірмацыі. Да сакрамэнту прыступілі сямнаццаць чалавек – вернікі парафіі.
У гаміліі біскуп звярнуў увагу на прыгажосць і важнасць урачыстасці Унебаўзяцця Панны Марыі, адзначыў, што гэтае свята глыбока шануецца вернікамі.
Таксама былі выказаны віншаванні пробашчу парафіі кс. Паўлу Звяжынскаму, які святкаваў 50-годдзе. Віншуючы юбіляра, біскуп, іншыя святары, парафіяне і госці выказалі яму глыбокую ўдзячнасць “за шматгадовае самаадданае служэнне Богу і людзям, за пастырскі клопат”, пажадалі здароўя, сіл і Божага благаслаўлення на многія гады.
У канцы Імшы біскуп благаславіў кветкі і першыя плёны зямлі, якія ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Маці Божай традыцыйна прыносяць у касцёл.
Святкаванне завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй і спевам гімну “Цябе, Бога, праслаўляем”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі