Skip to main content

У гродзенскім рэктаральным касцёле арцыбіскуп Кандрусевіч благаславіў фігуры святых Вацлава і Казіміра

brigidki figury 5

У нядзелю 17 жніўня арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў у гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі Імшу, на якой здзейсніў абрад благаслаўлення фігур святых Вацлава і Казіміра.

Ранейшыя выявы гэтых святых былі знішчаны ў часы ганенняў на рэлігію. Новыя фігуры былі створаны стараннямі рэктара касцёла кс. каноніка Антонія Грэмзы і супольнасці вернікаў.

У гаміліі арцыбіскуп адзначыў, што літургічныя чытанні гэтага дня – ХХ Звычайнай нядзелі, – заклікаюць “жыць паводле рэлігійных перакананняў, нават калі гэта можа прывесці да мучаніцтва і перавароту нашага жыцця з ног на галаву”. Першае чытанне кажа, як прапаведванне прарока Ераміі падзяліла горад, за што таго кінулі ў яму, каб ён памёр за сваю “здраду”, аднак пазней яго выратавалі ад непазбежнай смерці. У другім чытанні апостал Павел заклікае хрысціян цвёрда стаяць у веры ў Езуса Хрыста. У Евангеллі Хрыстус абвяшчае Божае слова, кажучы, што прыйшоў “кінуць агонь” і хоча, “каб ён разгарэўся”, – арцыбіскуп заўважыў, што, такім чынам, гэтае слова раздзяляе і да таго ж яно стала прычынай смерці Езуса.

“У біблейскай сімволіцы агонь – знак духоўнага ачышчэння, падобна як золата і срэбра ачышчаюць у агні. Агонь, які нясе Езус, – гэта агонь любові і надзеі. Разбурэнне, падзелы і духоўная рэвалюцыя, якія Езус выклікаў у грамадстве агнём ахвярнай любові і справядлівасці, неабходныя для ачышчэння ад граху і злых звычаяў, – патлумачыў арцыбіскуп. – Хаця вучэнне Езуса выклікае падзелы, бо адны ідуць за Ім, а іншыя супрацьстаяць, тым не менш Ён носьбіт сапраўднага і трывалага міру. Выбар можа прывесці да падзелаў, але яго мэта – пазнанне праўды, якая ўчыніць нас свабоднымі ад зла і будзе весці да трывалага міру”.

“У нашых сэрцах павінен гарэць агонь веры, якую мы атрымалі ў сакрамэнце хросту і ўмацавалі падчас канфірмацыі, – дадаў іерарх. – Папа Бэнэдыкт XVI кажа, што сталая вера – гэта не тая, якая ідзе за моднымі тэндэнцыямі і ідэямі маральнага рэлятывізму, а тая, якая глыбока ўкаранёная ў сяброўстве з Хрыстом. Яна з’яўляецца крытэрыем, па якім можна адрозніць праўду ад хлусні. Такая вера дазваляе агню Духа Святога гарэць у нас і дае нам мужнасць жыць згодна з нашымі хрысціянскімі перакананнямі”.

brigidki figury 8

Арцыбіскуп засяродзіў увагу на асобах святых Вацлава і Казіміра, чые фігуры былі благаслаўлены на гэтай літургіі. Ён адзначыў, што першы жыў у Х стагоддзі, быў прыхільнікам хрысціянізацыі чэшскіх земляў і клапаціўся пра захаванне Божага закону, што спадабалася не ўсім, у тым ліку яго брату Баляславу, які яго забіў; другі жыў у ХV стагоддзі, нарадзіўся ў Кракаве, памёр на Гродзенскім замку, рэліквіі яго знаходзяцца ў віленскай катэдры.

Іерарх падкрэсліў, што, хаця гэтыя святыя жылі ў розныя і далёкія часы, іх маральныя перакананні застаюцца ўзорам для сучаснага чалавека: “Будучы дзецьмі свайго часу, яны былі вышэй за яго выклікі і адказалі на іх у духу сённяшніх імшальных чытанняў. Яны былі прарокамі Бога, Яго мікрафонамі; абвяшчалі нязменную Божую праўду, што прыводзіла да благаслаўлёных падзелаў, бо прыклад іх жыцця вёў да духоўнага ачышчэння, неабходнага для дасягнення міру”.

Арцыбіскуп завяршыў гамілію зваротам да Бога з просьбай праз заступніцтва святых Вацлава і Казіміра дапамагчы людзям ХХІ стагоддзя быць не толькі пілігрымамі надзеі (пад адпаведным дэвізам, “Пілігрымы надзеі”, у Каталіцкім Касцёле праходзіць Юбілейны 2025 год), але і носьбітамі надзеі – “праз мужнае абвяшчэнне Божага слова, якое здольнае змяніць нашыя сэрцы і ўсталяваць так патрэбнае адзінства і мір”.

Ксёндз Антоні Грэмза падзякаваў іерарху за цэлебрацыю Эўхарыстыі і благаслаўленне фігур, а ўсім, хто матэрыяльна падтрымаў выраб гэтых фігур, таксама выказаў удзячнасць і паабяцаў малітву.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі