Skip to main content

У Адэльску з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адсвяткавалі адпустовую ўрачыстасць і значныя парафіяльныя даты

adelsk 28

15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, парафія ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) адзначыла адпустовае свята. Сёлета яно спалучалася са святкаваннем 535-годдзя парафіі і 325-годдзя парафіяльнага касцёла.

Святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, для якога гэтая парафія родная.

Пробашч кс. канонік Віктар Мыслюк, вітаючы ў пачатку літургіі арцыбіскупа, іншых прысутных святароў, кансэкраваных асобаў, студэнтаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і парафіян, назваў сёлетнюю ўрачыстасць гістарычнай і важнай для парафіі па прычыне гэтых дзвюх датаў.

Арцыбіскуп у гаміліі адзначыў, што гэтыя даты – добрая нагода для адэльчан ганарыцца сваёй гісторыяй.

“Нашыя продкі больш за пяць стагоддзяў таму патрабавалі сталай душпастырскай апекі, каб Хрыстус сваёй ласкай жыў у іх сэрцах. Яны як быццам паўтарылі словы апостала Пятра: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця”, – сказаў іерарх. – Жыхары Адэльска невыпадкова абралі нябеснай Апякункай і ўзорам для наследавання Унебаўзятую Марыю, бо Яе сучаснасць – гэта будучыня, да якой мы прызначаны. Марыя, як Зорка мора, ужо больш за пяць стагоддзяў вядзе нас праз узбуранае мора выклікаў розных эпох і вучыць адказваць “так” на кожны Божы заклік”.

Арцыбіскуп нагадаў, што ў гісторыі адэльскай парафіі было шмат прывілеяў, адзін з якіх, за 1601 год, прадпісваў прызначаць пробашча з вікарыяў віленскай катэдры, што было вялікім гонарам.

“Адэльчане не былі заможнымі, але хацелі быць багатымі на Божую ласку, – дадаў іерарх. – Так было ў пачатку існавання парафіі. Так было на працягу яе багатай і часам трагічнай гісторыі. У часы атэізму людзі мужна баранілі касцёл ад закрыцця і пры адсутнасці пастаяннага святара маліліся на так званых народных Імшах, калі на алтар клалі арнат. Патаемна катэхізавалі дзяцей, захавалі веру, праводзячы простыя набажэнствы, літаніі, Крыжовы шлях.

adelsk 25

Так ёсць і сёння, у часы секулярызму, аб чым сведчаць адпустовыя ўрачыстасці святога Антонія і Унебаўзяцця Панны Марыі, а таксама іншыя набажэнствы. Усё гэта кажа аб глыбокай веры адэльчан, якія могуць ганарыцца тым, што з іх парафіі выйшлі чацвёра біскупаў.

Секулярызм усё мацней уваходзіць у нашае жыццё і вядзе да крызісу веры, які, у сваю чаргу, выклікае іншыя крызісы. Гэта найперш крызіс сям’і, перадачы Божага дару жыцця, упадку маральнасці, крызіс алкагалізму, наркаманіі, СНІДу і інш. Вялікую трывогу выклікае амаральнае выкарыстанне дасягненняў генетыкі.

Працагалізм, калі чалавек па-за працай нічога не бачыць, нішчыць яго самога і негатыўна ўплывае на грамадства. Усё часцей узнікае праблема выкаранення.

Дрэвы са слабымі каранямі падчас буры ламаюцца і падаюць. Таксама і чалавек не мае будучыні без каранёў і сваёй гісторыі, як быццам свет пачаў існаваць толькі сёння.

Чалавечая мудрасць прадстаўляе гэтыя і падобныя пагрозы ў наступным сатырычным жарце: “Дамы сталі вялікімі, а сем’і малымі. Медыцына палепшылася, а здароўе пагоршылася. Чалавек паляцеў у космас, а дарогі да суседа не ведае. Маёмасць павялічылася, а спакой знік. Інтэлект развіўся, а мудрасць знікла. Веды сталі большымі, а духоўныя каштоўнасці паменшыліся. Сяброў стала больш, а давер знік. Гадзіннікі сталі разнастайнымі, а час скараціўся. Калісьці дамы былі глінянымі, а сэрцы – залатымі, цяпер дамы залатыя, а сэрцы – каменныя”.

Выклікі секулярызму негатыўна ўплываюць на моладзь, якая выхоўваецца на Інтэрнэце і сацыяльных сетках.

Як хрысціяне мы павінны памятаць, што сучасныя амаральныя пагрозы не могуць засланіць надзеі, якая ў Хрысце. А Яго нам нясе Марыя, як несла святой Альжбеце падчас яе адведзін.

Нашыя продкі ў часы ганенняў не страцілі надзеі і захавалі веру. Мы павінны ісці іх слядамі”.

Па словах арцыбіскупа, юбілейныя даты – “не толькі ўспамін мінулага, але і заклік зазірнуць у будучыню, якую неабходна будаваць на евангельскіх каштоўнасцях”.

“Сённяшняе свята нагадвае нам, што мы спадкаемцы мінулага і жыхары эпохі, якую павінны перадаць новым пакаленням, бо Касцёл вядзе нас у шчаслівую вечнасць, – падкрэсліў іерарх. – Старажытны рымскі філосаф Сенека казаў: “Калі карабель не ведае, куды плыве, то кожны вецер будзе супраць яго”. Калі мы не ведаем мэту свайго жыцця, то ўсё з’яўляецца складаным і супраць нас. Таму, умацаваныя Божай ласкай і апекай Марыі, мы павінны ісці наперад Божым шляхам і чыніць як мага больш дабра, каб быць для іншых хлебам, які ляжыць на стале і ад якога кожны можа адрэзаць патрэбную колькасць. Мы павінны перадаваць спадчыну веры маладому пакаленню і захоўваць сваю адэльскую хрысціянскую тоеснасць, каб наша парафія была жывым Касцёлам, у якім мы ўдасканальваемся ў святасці і цнотах”.

Арцыбіскуп дадаў, што “адэльскі касцёл, даволі высокі, выглядае маленькім у параўнанні з сучаснымі хмарачосамі, але паміж імі ёсць сутнасная розніца: калі сучасныя высокія дамы дасягаюць хмараў, то касцёл – неба”.

adelsk 26

“У сітуацыі, калі шлях у будучыню няпэўны, мы павінны трымацца двух поручняў – Марыі і нашай гісторыі, – каб паспяхова прайсці над прорвамі сучаснасці і ісці ў новае светлае заўтра”, – адзначыў іерарх і завяршыў гамілію заклікам: “Адэльск, у імя Езуса, Марыі і святога Антонія заставайся заўсёды “Semper fidelis” – верны Богу і традыцыі продкаў”.

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.

З нагоды дзвюх значных датаў арцыбіскуп падарыў сваёй роднай парафіі келіх, які быў благаслаўлены і выкарыстоўваўся пры цэлебрацыі гэтай Эўхарыстыі.

Урачыстасць была спалучана з традыцыйнымі “дажынкамі”, земляробы прынеслі ў касцёл сноп жыта.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі