11 жніўня ў Вароне, якая адносіцца да варнянскай парафіі св. Юрыя (Астравецкі дэканат), адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар святой Філамены. Святкаванне ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
На сайце варнянскай парафіі адзначаецца, што ў Вароне гэтая ўрачыстасць – “нешта большае, чым проста свята”, “гэта дзень, калі людзі вяртаюцца да вытокаў сваёй душы”. Мясцовая капліца, якая стаіць на ўзгорку і “прыцягвае позірк здалёк”, дваццаць чатыры гады таму была абноўлена, а роўна чатыры гады таму дзякуючы пробашчу парафіі св. Юрыя кс. Віктару Захарэўскаму зноў афіцыйна атрымала тытул святой Філамены. У Беларусі гэта адзіная святыня пад такім тытулам.
Ад брамы да ўваходу ў капліцу з нагоды ўрачыстасці быў выкладзены дыван з жывых кветак – як гаворыцца на парафіяльным сайце, ён быў “не прадуманым дызайнам, а натуральным жаданнем сказаць: “Святая, мы любім цябе”. Пра саму ўрачыстасць гаворыцца, што ў гэты дзень у капліцы было “адчуванне, што святая Філамена побач”: “ніхто яе не бачыць, але ўсе адчуваюць — у спакоі, у слязах на шчацэ, у лёгкім подыху, што кранае твар”. Біскупа Гродзенскага, пра чыё прыбыццё на ўрачыстасць сказана на сайце парафіі: “Гэта не проста візіт, гэта благаслаўленне”, сустрэлі з хлебам і соллю, дзеці падарылі яму кветкі.
На Імшы, якую цэлебраваў біскуп, ён прамовіў гамілію, у якой засяродзіў увагу на асобе святой Філамены. “У гэтай гаміліі нам адкрываецца праўда, што веліч чалавека не ў гадах, не ў золаце зямным, не ў гучнасці імёнаў, а ў чысціні сэрца, у той непахіснай вернасці, што, як свечка, гарыць перад абліччам Хрыста, – адзначаюць на старонцы парафіі. – Як жа гучыць гэтая праўда ў лёсе дзяўчынкі Філамены — нявесты Хрыста, якая, адмовіўшыся ад зямнога багацця, выбрала дарогу святасці. Яе сэрца, як белы лілейны пялёстак, не зламалася пад цяжарам выпрабаванняў. Яна прыняла смерць, як прымаюць вянок — не як канец, а як пачатак. І гэта — дзяўчынка, якой было толькі трынаццаць гадоў… Гэта не брама мучаніцтва, гэта — прамень надзеі. Бо яе пакуты — не крык болю, а спевы любові, не знак слабасці, а сведчанне сілы веры. Яе вера была як скала, што не зрушыць ні вецер, ні плынь часу. Яе любоў да Хрыста была як агонь, што не гасне нават у цемры.
А як ёсць з намі? Ці мая вера — гэта толькі знешнасць, як фарба на сценах, што лёгка аблупіцца? Ці маё сэрца чыстае, як крыніца, што не ведае гнілі? Ці маю я адвагу быць сабой у Хрысце — не хаваючыся, не прыстасоўваючыся, але стаючы, як свечка на алтары, адкрыта і з надзеяй? Няхай прыклад святой Філамены стане люстэркам для кожнага з нас. Няхай яе жыццё — як песня, што не згасае — прабудзіць у нас жаданне быць чыстымі, быць вернымі, быць адважнымі”.
Пасля Імшы адбылася працэсія вакол капліцы. У канцы свята біскупу выказалі словы падзякі і віншаванні з 50-годдзем. Іерарх уручыў дзецям салодкія падарункі.