Skip to main content

У Ваверцы ў адпустовую ўрачыстасць біскуп Гродзенскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі

wawerka 15

6 жніўня, у свята Перамянення Пана, парафія ў Ваверцы (Лідскі дэканат) адзначала адпустовую ўрачыстасць. Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй узначаліў у парафіяльным касцёле святую Імшу, на якой быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі.

На літургіі было шмат вернікаў, у цэлебрацыі ўдзельнічалі святары Лідскага дэканату. Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі парафіяльнай супольнасці.

У гаміліі, кажучы пра Перамяненне Пана, іерарх адзначыў: “Як вучні атрымалі на гары Табор святло надзеі перад будучымі пакутамі, так мы сёння атрымліваем запрашэнне не баяцца цярпенняў і цяжкасцяў. Усё жыццё хрысціяніна — гэта шлях, на якім мы вучымся бачыць святло Уваскрасення нават сярод цемры.

Дарагія кандыдаты да сакрамэнту канфірмацыі! Сёння Пан Бог хоча перамяніць вашыя сэрцы і зрабіць вашу веру яшчэ мацнейшай. Канфірмацыя — гэта не толькі «завяршэнне» хросту, але і новы пачатак, новая місія. Святы Ян Павел ІІ казаў: «Свет чакае ад вас сведчання. Не бойцеся быць святымі, бо свет мае патрэбу ў святасці». Канфірмацыя — гэта дар мужнасці і сілы, каб вы маглі адкрыта вызнаваць сваю веру, быць прыкладам для сяброў, у школе, у сям’і, у жыцці”.

Кажучы пра дэвіз “Пілігрымы надзеі”, пад якім праходзіць у Каталіцкім Касцёле Юбілейны 2025 год, біскуп заўважыў: “Гэта словы, якія натхняюць нас глядзець далей, чым у сённяшні дзень. Хрысціянін — гэта чалавек надзеі, бо ён ведае, што Бог заўсёды дзейнічае, нават калі жыццё здаецца цяжкім”.

“Перамяненне Пана паказвае нам, што хрысціянскае жыццё — дарога перамянення. Мы ўсе пакліканы да святасці. Але святасць — гэта не толькі нешта выключнае і вялікае, як у апосталаў ці мучанікаў. Святасць — гэта штодзённае жыццё, якое праходзіць з Богам: гэта калі маці цярпліва клапоціцца пра дзяцей, калі бацька сумленна працуе дзеля дабра сям’і, калі дзеці вучацца быць шчырымі, калі моладзь не баіцца вызнаваць сваю веру”, – сказаў біскуп.

Ён нагадаў тым, хто прыступаў да канфірмацыі, што гэты сакрамэнт яны атрымліваюць “не для таго, каб толькі «быць у спісе канфірмаваных», а для таго, каб стаць сапраўднымі хрысціянамі, здольнымі несці Хрыста іншым людзям”.

wawerka 16

Іерарх дадаў: “Праз канфірмацыю вы становіцеся сталымі членамі Касцёла. Не толькі пасіўнымі ўдзельнікамі, але і адказнымі вучнямі. Вы маеце голас. Вы маеце заданне. Вы маеце місію. Вы маеце сілу Духа Святога. (…) Дух Святы, якога вы сёння атрымліваеце, – гэта Дух моцы, любові і цвярозага мыслення, як кажа святы Павел. Гэта Дух не эмоцый ці настрою. Ён прыходзіць не для таго, каб толькі крануць вас. Ён прыходзіць, каб перамяніць вас, каб вы сталі новымі людзьмі. Дух Святы — гэта той, хто перамяняе нас знутры. Без Яго вера робіцца халоднай, а любоў — слабой. Святы Дух — гэта той, хто натхняе крочыць за Езусам, хто дае сілу ў змаганні са злом”.

Яшчэ раз звяртаючы ўвагу на дэвіз Юбілейнага года, біскуп адзначыў: “У свеце, дзе часта пануюць страх, няўпэўненасць, войны і несправядлівасць, хрысціяне павінны несці надзею. Пілігрым — гэта той, хто ідзе наперад, не застаецца на месцы. І мы павінны быць пілігрымамі, якія крочаць да Бога, а не стаяць на месцы.

Заўважце, ці ж не бывае так, што мы часта застаемся ў сваёй зоне камфорту? А Бог кліча нас зрабіць крок наперад: дараваць, дапамагчы іншаму, адмовіцца ад эгаізму. Гэта і ёсць дарога пілігрыма надзеі”.

Іерарх пажадаў канфірмаваным “не страціць святло веры”, “быць мужнымі і адкрытымі”, а ўсім астатнім – “аднавіць у сваіх сэрцах радасць і сілу веры”. “Няхай

Перамяненне Пана будзе знакам, што Бог здольны перамяняць і нас, калі мы адкрытыя на Яго любоў”, – сказаў біскуп.

Пробашч парафіі кс. Андрэй Роўба CRL, дэкан Лідскага дэканату, падзякаваў усім прысутным за ўдзел ва ўрачыстасці і супольную малітву ў гэты важны для парафіі дзень, а сваім парафіянам выказаў удзячнасць за падрыхтоўку касцёла і навакольнай тэрыторыі да свята.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі