Skip to main content

“Пілігрымы надзеі”: адбылася пешая пілігрымка Гродна – Рось

ros piligrimka 12

2 жніўня адбылася пешая пілігрымка з Гродна ў дыяцэзіяльны санктуарый у Росі. У санктуарыі знаходзіцца цудадзейная фігура Езуса Журботнага, якой больш за 400 гадоў і якая праславілася шматлікімі ласкамі, атрыманымі мноствам людзей.

У пілігрымцы ўдзельнічала больш за 300 чалавек з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з Расіі. Яна праходзіла пад дэвізам “Пілігрымы надзеі”, які з’яўляецца і дэвізам Юбілейнага 2025 года.

Пілігрымка пачалася ранішняй малітвай у касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах (дэканат Вялікая Бераставіца), куды ўдзельнікі дабраліся на аўтобусах або на ўласным транспарце. Паколькі гэты дзень быў першай суботай месяца, калі ў Касцёле асабліва ўшаноўваецца Беззаганнае Сэрца Панны Марыі, адбыліся адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і Ларэтанская літанія. Пробашч парафіі кс. Алег Канановіч удзяліў пілігрымам благаслаўленне на дарогу.

Сёлета шлях быў для пілігрымаў вельмі прыемным дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю – свяціла сонца, веяў лёгкі вецер. Самі пілігрымы ў дарозе шмат разоў казалі, што Бог даў ім добрае надвор’е, бо апошнія тыдні кожны дзень ішоў дождж.

Па традыцыі на кожным прыпынку пілігрымы маглі выпіць гарачую мяту, а на першым прывале – пачаставацца кавай у мабільнай кавярні.

У дарозе маліліся Ружанец, адметнасць якога ў пілігрымцы ў тым, што інтэнцый малітвы ва ўдзельнікаў звычайна назапашваецца ў некалькі разоў больш, чым ёсць пацерак на ружанцы. Агучыў інтэнцыі семінарыст Яўген Абрамаў. Старэйшыя пілігрымы памаліліся аб міры ў сваіх сем’ях, за дзяцей і аб дары веры, малодшыя – аб паступленні ў навучальныя ўстановы і Божым благаслаўленні на навучальны год, тыя, хто хоча стварыць сям’ю, – аб добрым сужэнцы.

ros piligrimka 11

Як кожны год, абед для пілігрымаў прыгатавалі вернікі парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Рэплі, пробашч якой кс. Юрый Садоўскі пазнаёміў іх з гісторыяй мясцовай святыні, а жыхары вёскі Дулеўцы прыгатавалі ім пачастунак (слодычы і садавіну) і з ахвотай памаліліся з імі.

У малітве Вяночка да Божай Міласэрнасці пілігрымы прасілі Бога аб міры ва ўсім свеце, за маладых людзей, якія згубіліся на шляхах жыцця, і за грэшнікаў.

На працягу ўжо некалькіх гадоў гэтая пілігрымка мае наступную адметнасць: тыя, хто ўдзельнічае ў ёй упершыню, павінны за дзень зрабіць сабе вянкі з палявых кветак і першымі ўвайсці ў гэтых вянках у санктуарый. Сёлета такіх людзей было ў пілігрымцы шмат, для многіх такі ўваход у Рось – важны і хвалюючы момант.

Кіраўнік пілігрымкі кс. канонік Юрый Марціновіч па традыцыі перад уваходам у санктуарый звярнуўся да ўдзельнікаў. Ён падзякаваў ім за ўдзел, службам пілігрымкі – за дапамогу ў яе арганізацыі і паспяховым правядзенні. Таксама святар сказаў, што вера пілігрымаў дазволіла ім дайсці да мэты шляху, каб “зірнуць у міласэрныя, поўныя любові, дабрыні і цеплыні вочы Езуса Журботнага”, якія “глядзяць на іх з чуласцю, а сёлета быццам заахвочвалі кожнага, згодна з дэвізам падарожжа, быць пілігрымам надзеі, ніколі не губляць яе, нават калі ў жыцці здараецца шмат цяжкасцяў і праблем”.

Кусташ санктуарыя кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч, як звычайна, прывітаў пілігрымаў на парозе святыні і запрасіў на сустрэчу з Богам.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Артур Антушэвіч