Skip to main content

Адышоў у вечнасць кс. канонік Андрэй Садоўскі

candles 492171 1280 2 10

5 жніўня адышоў у вечнасць кс. канонік Андрэй Садоўскі – святар Беластоцкай архідыяцэзіі (Польшча), які з 1989 па 2007 год служыў на Гродзеншчыне. Ён быў пракуратарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, вікарыем гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа, а таксама душпастырам у Казловічах, Жытомлі і Абуховічах.

Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, звяртаючыся да вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі з паведамленнем пра смерць ксяндза Андрэя, адзначае: “У час свайго служэння на Гродзеншчыне ён выявіў сябе як святар, які вылучаўся багатымі і ўсебаковымі ведамі, асабліва ў справах гаспадарчых і будаўнічых, надзвычайнымі практычнымі ўменнямі, невычэрпным запасам энергіі, жыццёвай знаходлівасцю і арганізацыйнымі талентамі.

У сэрцах тых, хто ведаў яго асабіста, ксёндз Андрэй назаўсёды застанецца ўзорам сапраўднай прастаты, сціпласці, далікатнасці, пакоры, дабрыні і гатоўнасці дапамагчы.

изображение viber 2025 08 05 21 31 28 333

Мы, супольнасць Касцёла на Гродзеншчыне, яднаемся ў смутку з духавенствам, кансэкраванымі асобамі і верным народам Беластоцкай архідыяцэзіі, а асабліва з бліжэйшымі роднымі памерлага, і выказваем ім самыя шчырыя спачуванні.

Узнясем да Бога, Айца міласэрнасці, які ў сваім неспасціжным Провідзе пастанавіў забраць да сябе свайго руплівага, нястомнага слугу, нашы поўныя даверу малітвы, каб Ён меў ласку ўзнагародзіць паўнатой вечнай радасці ў нябеснай Айчыне глыбокую веру спачылага ксяндза каноніка Андрэя, яго стараннае і ахвярнае служэнне Хрыстоваму Касцёлу і ўсялякае дабро, якое ён учыніў на зямлі”.