Біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, які разам з іншымі беларусамі прысутнічаў на Юбілеі моладзі ў Рыме, распавёў пра сустрэчу Папы Льва XIV з удзельнікамі гэтага форуму, а таксама сказаў яшчэ некалькі слоў пра Юбілей.
Успаміны з Тор Вергата, 2-3 жніўня 2025 года.
2 жніўня вечарам я стаяў на велізарным полі Тор Вергата — тым самым месцы, дзе дваццаць пяць гадоў таму святы Ян Павел ІІ правёў гістарычную Сусветную сустрэчу моладзі. Цяпер жа тут сабраўся мільён сэрцаў, што біліся ў рытме малітвы і радасці. Юнакі і дзяўчаты са 146 краін свету прыйшлі сюды, нягледзячы на спякоту і стому, з адным жаданнем — сустрэцца з Хрыстом і з іншымі людзьмі, каб супольна маліцца, славіць Бога і радавацца.
Калі Папа Леў XIV прыбыў на верталёце каля 19:25, пляц заліўся апладысментамі, сцягамі, спевамі і сапраўднай радасцю веры. Папамабіль доўга праязджаў праз натоўп, а Святы Айцец з усмешкай і малітвай бласлаўляў моладзь.
Чуванне распачалося малітвай, адарацыяй і заклікам да Духа Святога. Перад крыжам Юбілейнага года, які несла моладзевае прадстаўніцтва розных краін, усе разам праслаўлялі Бога. Гэты крыж асабіста нёс сам Папа Леў — а разам з ім ішла і моладзь. У гэтым простым, але глыбокім знаку знітаваліся пакаленні, сэрцы, надзеі. А хор з некалькіх соцень спевакоў і інструменталістаў узносіў нашыя сэрцы да неба, напаўняючы прастору малітвай і духоўнай веліччу.
Хоць тэмпература была больш за +30°C, моладзь цярпліва і ахвярна заставалася на месцы, праводзячы ўсю ноч пад адкрытым небам — у малітве, маўчанні, споведзі і братэрстве.
3 жніўня адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя, якую ўзначаліў Папа Леў XIV. У сваёй прамове Святы Айцец звярнуўся да моладзі глыбокімі і натхняльнымі словамі:
«Слухайце сваё сэрца. Шукайце Бога. Не задавальняйцеся малым».
Ён нагадаў словы святога Яна Паўла ІІ: «Хрыстус — гэта Той, хто ўзбуджае ў вас жаданне зрабіць з жыцця нешта вялікае».
Папа заклікаў не баяцца духоўнай прагі і ўнутранай трывогі, бо яна сведчыць пра пошук сэнсу і надзеі. Ён заахвочваў:
«Не падманвайце свайго сэрца ілжывымі заменамі. Пастаўце яго на падножку, каб, як дзеці, зазірнуць праз акно сустрэчы з Богам».
Святы Айцец прывёў словы святога Аўгустына, які ў сваіх «Вызнаннях» пісаў: «Ты, Пане, быў у глыбіні, а я блукаў па свеце. Ты прасіў мяне, Ты крычаў, Ты асляпіў мяне святлом Тваім — і цяпер я прагну Цябе, я галодны, я тужу па Тваім супакоі…»
Папа звярнуў увагу, што шчасце — гэта не валоданне рэчамі, а жывая сувязь з Богам. Ён нагадаў, што паўната жыцця — у адносінах, у любові, у еднасці з Богам і братамі. Таму заклікаў:
«Спяшайцеся да святасці! Ідзіце за прыкладам благаслаўлёных П’ера Джорджо Фрассаці і Карло Акуціса, якія хутка будуць абвешчаныя святымі. Дапускайце Бога ў сваё жыццё праз малітву, адарацыю, споведзь, Эўхарыстыю, любоў. І не задавальняйцеся чымсьці меншым…»
Гэтае свята стала для мяне таксама часам цудоўных сустрэч з біскупамі з усяго свету. Асабліва запомнілася размова з біскупам з Фінляндыі. Ён цікавіўся Касцёлам у Беларусі: колькі ў нас дыяцэзій, колькі святароў, колькі вернікаў. А пасля расказаў, што ён — адзіны каталіцкі біскуп ва ўсёй Фінляндыі, яму дапамагаюць толькі 24 святары, а вернікаў — каля дзвюх тысяч. Гэтае сведчанне пра ўстойлівасць і вернасць малой супольнасці моцна кранула маё сэрца.
Цяпер, калі моладзевая сустрэча ў Рыме завяршылася, мы ўжо пачынаем духоўную падрыхтоўку да наступнага Сусветнага дня моладзі, які пройдзе ў 2027 годзе ў Паўднёвай Карэі. Няхай уся моладзь Беларусі адкрые свае сэрцы на Божы заклік і адгукнецца на гэтую вялікую духоўную прыгоду.
І ад усяго сэрца жадаю ўсім пілігрымам — з розных краін і кантынентаў — шчаслівага вяртання дадому. Благаслаўляю і з любоўю абдымаю кожнага пілігрыма з Беларусі: моладзь, святароў, кансэкраваных асобаў і ўсіх, хто прыехаў у Рым як сведка веры і надзеі. Няхай Пан вас вядзе і захоўвае!
З удзячнасцю за ўсё перажытае і з надзеяй на новыя сустрэчы,
Ваш біскуп Гродзенскі Уладзімір