Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі пілігрымуе на святкаванне Юбілею моладзі, якое праходзіць у Рыме з 28 ліпеня па 3 жніўня.
Дзень дзявяты, 2 жніўня 2025 г.
Сёння ранішняя Імша была крыху незвычайнай – у супольнай малітве з’ядналіся не толькі беларусы і італьянцы, але таксама калумбійцы, партугальцы і іспанцы. Гэта быў цікавы досвед – чуць Евангелле на некалькіх мовах, калі ні адна з іх не надта знаёмая. А як уважліва трэба слухаць казанне на італьянскай мове, каб зразумець, што яно ўжо скончылася!
І ўсё ж такі сумесная Імша – падзея важная і добрая.
***
Паўраніцы я збіраю свае рэчы і стараюся змясціць іх у валізку. Здаецца, удалося!.. Але потым я ўспамінаю, колькі ўсяго яшчэ трэба купіць. На шчасце, атрымалася так, як атрымалася.
***
Цяпер у нас некалькі гадзін вольнага часу, і мы вырашаем ехаць у Латэранскую базыліку – можа, пашчасціць?.. І сапраўды, чарга была невялікая, і мы хутка трапілі ўнутр.
У гэтай базыліцы адчувалася нейкая большая схільнасць да малітвы – можа, таму, што мне ўжо сказалі, што гэта Маці Касцёла, а можа, таму, што атмасфера там сапраўды больш малітоўная.
***
Пасля Імшы мы паспяваем у апошні раз наведаць піцэрыю, дзе ўжо елі некалькі разоў. Як заўсёды, смачна і сытна!
***
Зрабіўшы апошнія закупы, вяртаемся на начлег, прыносім валізкі ў аўтобус і вырушаем у Тор Вергата.
***
Людзей вельмі шмат, і гэта палохае. Наша моладзь, якая прыйшла на чуванне раней за нас, распавяла, что народу многа, а месца не надта.
Ідзём спекатой, абганяем шмат іншых пілігрымаў і нарэшце трапляем у патрэбнае месца.
***
На Тор Вергата ўсё не так дрэнна, як мы думалі. У нас атрымалася знайсці добрае месца – блізка да экрана і даволі прасторнае.
Сядаем стомленыя, але задаволеныя, і пачынаем вячэраць.
***
Папа едзе! Шмат моладзі бяжыць наперад, каб пабачыць яго. У некаторых гэта атрымалася!
***
Чуванне з Львом ХІV праходзіла пад вельмі прыгожы спеў, і ўсю атмасферу вакол можна акрэсліць як узвышаную. Папа звярнуўся да моладзі са словам і заклікаў, каб Хрыстус стаў нашым Сябрам, каб мы адкрылі свае сэрцы на Яго прысутнасць.
Моладзь задавала Папу пытанні: пра сяброўства, пра веру, пра адвагу – як рабіць выбар, пра тое, як сапраўды спаткаць Уваскрослага Езуса.
Папа параіў маладым людзям, каб быць шчаслівымі, будаваць сваё жыццё на Хрысце. Заўважыў, што выбар – гэта заўсёды адмовіцца ад нечага іншага, і падкрэсліў, што адносіны паміж людзьмі – гэта вельмі важна, таму што кожны з нас атрымаў жыццё дзякуючы пэўным адносінам двух людзей.
***
Мяне вельмі закранула гэта адарацыя, яна нарадзіла ў сэрцы цяпло.
***
Спаць мы будзем пад голым небам, але трава здаецца мякчэйшай, чым падлога на месцы нашага начлегу, таму мы засынаем хутка. З думкамі пра тое, што заўтра будзем удзельнічаць у Імшы з Папам. І што ўжо заўтра распачнём наша вяртанне дадому...
Вікторыя Сідар