Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі на святкаванні Юбілею моладзі, якое праходзіць у Рыме з 28 ліпеня па 3 жніўня.
Дзень сёмы, 31 ліпеня 2025 г.
Будзільнік на пяць раніцы званіць, а я яго чую далёка не адразу. Але лепш жа пазней, чым ніколі! Адключаю і расплюшчваю вочы – ранняе прабуджэнне даецца ўсё лягчэй.
Сёння мы ідзём на аглядную пляцоўку сустракаць світанак. Мы не паўтараем ранейшых памылак і выязджаем пазней, каб не ганяцца за аўтобусамі, а спакойна паехаць на метро.
Але вось яно – расчараванне. Світанак жа з іншага боку! Праўда, гэта нас не спыняе перад тым, каб атрымаць асалоду ад цудоўнага віду і парадавацца сонейку, якое ўзыходзіць.
***
Прагуляўшыся па парку, мы рушым іскаць кавярню. Бо пункт нумар два ў нашай сённяшняй праграме – пакаштаваць смачную італьянскую каву (і пажадана яшчэ цірамісу).
Але тут усё ідзе не па плане – мы забыліся назву кавярні! Шукаем іншую, нарэшце нешта знаходзім і… закупаемся бутэрбродамі і салодкімі булачкамі! Але спакойна, кава таксама была. І на гэты раз вельмі нават прыдатная.
***
Сытыя і задаволеныя вяртаемся на месца начлегу і ідзём на Імшу, якую будзе цэлебраваць біскуп Уладзімір. Гэта было набажэнства для моладзі, якая прыехала ў Рым з усіх парафій Беларусі.
Біскуп звяртае ўвагу, што Касцёл запрашае нас стаць пілігрымамі надзеі і гэта не проста прыгожыя словы – гэта пакліканне, а таксама падкрэслівае, што пілігрым, у адрозненне ад турыста, шукае Бога, праўды.
Мяне асабіста найбольш закранулі дзве думкі:
1) пілігрым не ведае, што яго чакае, але ён мае цудоўную ласку – ён давярае;
2) пілігрым любіць, нават калі гэта вельмі-вельмі складана.
Другая думка трапіла проста ў сэрца, хоць яе сэнс на самой справе цяжка па-сапраўднаму прыняць і ёю жыць...
***
Пасля Імшы мы пабудавалі добры план на другую частку дня, які вельмі хутка змяніўся ў нешта зусім іншае. І мы паехалі ў Браччана – гарадок недалека ад Рыма, які знаходзіцца ў гарах і на беразе возера.
Не ведаю, якім цудам, але мы ўсё ж паспяваем на цягнік і едзем насустрач новым уражанням!
***
У метро мы спяваем песні! Спачатку зусім нясмела і ціха, потым крыху больш упэўнена. Людзі ў вагоне глядзяць трошкі здзіўлена, але па-сяброўску. Усміхаюцца.
***
Браччана сапраўды ўражвае! Там так прыгожа. І возера такое чыстае, што некаторыя з нашай кампаніі вырашылі пакупацца. Нам не заставалася нічога іншага, як пачакаць іх і памачыць ножкі.
Але самая незабыўная і прыгожая частка горада – гэта вулачкі, якія вядуць да замка на гары. Яны вузкія і вельмі ўтульныя. Як з казкі!
***
На жаль, час ляціць вельмі хутка, і мы зноў спяшаемся на цягнік. Неверагодна, але мы ізноў паспелі!
Смешная гісторыя. Перад тым, як сесці, мы спыталіся, ці можна ехаць па білеце пілігрыма бясплатна. Кажуць: “можна”. Ну, мы і паехалі. Аказалася, што не. І аб гэтым нам паведаміла кантралёр. На шчасце, можа, таму, што мы акурат маліліся Нешпары. Аказалася, што білеты ў цягніку купіць нельга, але яна нам прабачыла і пайшла далей... Дзякуй за яе міласэрнасць!
***
У Рым мы вяртаемся крыху зарана, таму ідзём яшчэ трошкі пашпацыраваць. І ў дарозе вырашаем зайсці ў кафэ. Там ёсць цірамісу, якое мы вельмі хацелі паспрабаваць. Дзякуючы гэтаму яшчэ адну маленькую мару ў межах Італіі атрымалася здзейсніць. Было вееельмі смачна!
***
На начлег вярнуліся стомленыя, але поўныя ўражанняў і ўспамінаў. Заўтра нас чакае падарожжа ў Асізі – айчыну святога Францішка. Таму абавязкова трэба хоць трошкі паспаць і адпачыць...
Да заўтра!
Вікторыя Сідар