31 ліпеня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў у парафіі св. Рамана ў Рыме Імшу для маладых беларусаў, якія прыбылі ў сталіцу Італіі на Юбілей моладзі.
На мерапрыемства прыехалі маладыя людзі з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі. Парафія св. Рамана прымае ў сябе вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі.
У цэлебрацыі ўдзельнічалі беларускія святары, якія прыбылі на Юбілей моладзі. На Імшы маліліся за Беларусь, за моладзь усяго свету і за мір у свеце.
У гаміліі біскуп назваў Рым “духоўным сэрцам усяго Касцёла”. Кажучы пра цяперашні Юбілейны год і яго дэвіз “Пілігрымы надзеі”, іерарх адзначыў, што пілігрым – “чалавек шляху, веры і даверу”, што “гэта не турыст, бо турыст шукае зручнасці, прыгод, новых эмоцый, а пілігрым – Бога, праўду і, вельмі часта, самога сябе”. Біскуп прывёў прыклады асобаў, пра якіх гаворыцца ў Святым Пісанні, і дадаў: “Пілігрым не заўсёды ведае, што чакае наперадзе. Але давярае. Ці не з’яўляецца гэта вобразам вашага жыцця, дарагія маладыя сябры? Можа, хтосьці з вас стаіць на пачатку дарогі: вучоба, праца, выбар паклікання, будучыня. І часам – страх, няпэўнасць, сумневы. Але Бог кажа вам сёння: “Не бойцеся! Я з вамі. Ідзіце ў дарогу. Шукайце Мяне”. Быць пілігрымам – гэта не спыняцца на павярхоўнасці. Гэта шукаць глыбіні. Гэта мець смеласць задаваць пытанні, марыць і спадзявацца”.
Засяроджваючы ўвагу на слове “надзея” з дэвізу Юбілейнага года, біскуп патлумачыў: “Менавіта тады, калі, здаецца, усё страчана, Бог дае надзею. Надзея – гэта не аптымізм. Гэта ўпэўненасць, што Бог верны”. “Вы, моладзь, – носьбіты надзеі! У вашых сэрцах яшчэ жывуць мары. Бог хоча выкарыстаць гэтыя мары для ператварэння свету, – адзначыў іерарх. – Але надзея патрабуе цярплівасці, часам слёз, часам самотнасці. Аднак менавіта яна вучыць нас: зноў уставаць пасля падзення, дараваць, нават калі балюча, любіць, нават калі гэта складана”.
“Вы прыехалі ў Рым не толькі для таго, каб нешта атрымаць. Вы прыехалі, каб быць пасланымі, – сказаў біскуп маладым людзям, называючы іх місіяй “апостальства надзеі”. – Апостал надзеі – гэта чалавек, які запальвае святло сярод цемры, змагаецца з абыякавасцю, сведчыць пра Бога праз жыццё. Апостальства надзеі – гэта не толькі вялікія словы, але і малыя крокі, зробленыя з любоўю”. “Ты апостал надзеі, калі падтрымаў сябра, які губляе веру; калі молішся за тых, хто ў роспачы; калі супрацьстаіш злу і нянавісці ў сацыяльных сетках, адстойваеш праўду і справядлівасць”, – дадаў іерарх.
Ён нагадаў, што “ў Рыме пралілася кроў за веру, тут быў укрыжаваны святы Пётр, загінуў святы Павел, тысячы першых хрысціян паклалі жыццё за Хрыста”. “Але гэта не гісторыя паражэння. Гэта гісторыя надзеі, мацнейшай за смерць, – сказаў біскуп. – Сёння свет таксама мае патрэбу ў сведках. Свет не шукае “інфлюэнсераў” веры, свет шукае святых – тых, хто жыве Евангеллем”.
Па словах біскупа, “моладзь марыць аб вялікіх рэчах, але гэтыя мары павінны быць надзеяй, асветленай верай, каб не згубіць сапраўдны напрамак”. “Калі ў сэрцы ёсць надзея, мары становяцца праектамі, а праекты – справай Божай любові, – падкрэсліў ён. – Сёння свет мае патрэбу ў вашым голасе. Свет стамляецца ад цемры, няпэўнасці, разбурэння”. “Не дазваляйце, каб страх заглушыў вашу веру. Не дазваляйце, каб свет пераканаў вас, што вы нічога не зменіце. Ідзіце! І пакідайце сляды надзеі там, дзе ступаеце”, – заклікаў іерарх.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі