Skip to main content

У гродзенскай семінарыі прайшлі рэкалекцыі, прысвечаныя распазнанню паклікання

ministranty seminaria 8

З 22 па 24 ліпеня ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшлі рэкалекцыі, прысвечаныя распазнанню паклікання, пад назвай “Святыя Дамінік Савіо, Антоні Падуанскі, Ян Марыя Віянэй – людзі, якія сталі сябрамі Бога і з’яўляюцца сябрамі для нас”.

Удзельнікамі рэкалекцый былі міністранты парафій Гродзенскай дыяцэзіі і іншых дыяцэзій Касцёла на Беларусі. Мэтай духоўных практыкаванняў было дапамагчы ўдзельнікам задумацца над сваім жыццёвым пакліканнем, а перш за ўсё над пакліканнем усіх хрысціян да святасці, і паспрабаваць адказаць на пытанні, якія датычаць кожнага з іх.

ministranty seminaria 1

Уступная канферэнцыя, якой папярэднічаў Вяночак да Божай Міласэрнасці, была прысвечана тэме святасці і сяброўства з Богам у сённяшнія часы. Потым адбылася святая Імша. Паколькі ў гэты дзень быў літургічны ўспамін святой Марыі Магдалены, у гаміліі была звернута ўвага на яе асобу і было адзначана, што змяніць сваё жыццё яе падштурхнулі любоў і міласэрнасць Езуса Хрыста і што святой Марыя Магдалена стала таму, што навучылася любіць.

Вечар першага дня рэкалекцый удзельнікі правялі за братэрскімі размовамі пры гарбаце і каве, а таксама за настольнымі гульнямі, тэнісам і більярдам. Скончыўся дзень адарацыяй, разважанні ў межах якой звярталі ўвагу на сутнасць сакрамэнтаў Эўхарыстыі і пасвячэння.

Другі дзень распачаўся з супольнай Ютрані ў капліцы семінарыі. Пасля сняданку ўдзельнікі рэкалекцый разам разважалі над прыкладам жыцця святога Дамініка Савіо, які для большасці з іх з’яўляецца равеснікам, над яго шляхам да святасці і пастулатамі яго жыцця. З гэтых пастулатаў, як паведамляецца, удзельнікаў асабліва ўразіў наступны: “Лепш памерці, чым зграшыць”.

Пасля канферэнцыі прысутныя паглядзелі хрысціянскі фільм “Джошуа”, які апавядаў пра тое, як людзі сустрэлі б Хрыста, калі б Ён прыйшоў у цяперашнія часы. Пасля абеду наведалі Адэльск па запрашэнні пробашча мясцовай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі кс. каноніка Віктара Мыслюка. Там удзельнікі рэкалекцый пазнаёміліся з гісторыяй парафіяльнага касцёла, выслухалі канферэнцыю пра святога Антонія Падуанскага, які асабліва шануецца ў гэтай парафіі, а пасля пачастунку, прыгатаванага мясцовымі вернікамі, ушанавалі Маці Божую і разам з парафіянамі прысутнічалі на Імшы. Візіт у парафію пакінуў ва ўдзельнікаў рэкалекцый добрыя ўражанні і ўспаміны, яны адзначаюць гасціннасць мясцовых вернікаў.

ministranty seminaria 4

Вячэра ў гэты дзень была ва ўдзельнікаў рэкалекцый на свежым паветры. Смажачы каўбаскі, яны размаўлялі, дзяліліся думкамі і перажываннямі. Іх наведаў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Іерарх пацікавіўся, з якіх яны парафій, спытаўся пра іх праблемы, адказаў на пытанні. Вечар праходзіў у братэрскай атмасферы.

У трэці дзень рэкалекцый удзельнікі пасля Ютрані і сняданку пазнаёміліся з постаццю святога Яна Марыі Віянэя, даведаўшыся пра яго дзяцінства, шлях да святарства, пастырскую дзейнасць у Арсе. Было адзначана, што, паколькі гэты святы з’яўляецца апекуном святароў і пакліканых, то, каб распазнаць сваё пакліканне, можна прасіць для гэтага Божай мудрасці праз яго заступніцтва.

Урачыстым завяршэннем рэкалекцый стала Імша ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя, якую цэлебраваў біскуп Уладзімір Гуляй.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі