ПАСЛАННЕ СВЯТОГА АЙЦА НА V СУСВЕТНЫ ДЗЕНЬ БАБУЛЬ, ДЗЯДУЛЬ І ПАЖЫЛЫХ ЛЮДЗЕЙ 2025 27 ліпеня 2025 года
Шчаслівы той, хто не страціў надзеі
(пар. Сір 14, 2)
Дарагія браты і сёстры,
Юбілей, які мы святкуем, дапамагае нам усвядоміць, што надзея заўсёды, у любым узросце з’яўляецца крыніцай радасці. А калі яна загартавана агнём доўгага жыцця, то становіцца крыніцай поўнага шчасця.
Святое Пісанне дае розныя прыклады мужчын і жанчын, якіх Пан ужо ў сталым узросце кліча выканаць сваю ролю ў Ягоным плане збаўлення. Можам узгадаць пажылых Абрагама і Сару, якія недаверліва паставіліся да слова Бога, калі Ён абяцаў ім сына. Здавалася, бяздзетнасць пазбаўляла іх усялякай надзеі на будучыню.
Рэакцыя Захарыі на прадказанне нараджэння Яна Хрысціцеля нічым не адрознівалася: «Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і жонка мая ў старым узросце» (Лк 1, 18). Старасць, бясплоддзе і фізічная нямогласць быццам гасяць надзеі на жыццё і плённасць усіх гэтых мужчын і жанчын. І нават пытанне, якое Нікадэм задае Езусу, калі Настаўнік кажа яму пра «новае нараджэнне», здаецца чыста рытарычным: «Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Ці ж можа ён другі раз увайсці ва ўлонне маці сваёй і нарадзіцца?» (Ян 3, 4). Аднак кожны раз, сутыкнуўшыся з нібыта відавочным адказам, Пан здзіўляе сваіх суразмоўцаў збавенным умяшаннем.
Пажылыя людзі: знакі надзеі
У Бібліі Бог шмат разоў выяўляе свой Провід, звяртаючыся да пажылых людзей. Так было не толькі з Абрагамам, Сарай, Захарыем і Альжбетай, але і з Майсеем, якога Бог паклікаў вызваліць свой народ, а Майсей меў тады ўжо восемдзесят гадоў (гл. Зых 7, 7). Праз гэты выбар Ён вучыць нас, што ў Ягоных вачах старасць — час благаслаўлення і ласкі, і што пажылыя людзі для Яго з’яўляюцца першымі сведкамі надзеі. «Чым жа ёсць час старасці?» — пытаецца св. Аўгустын. «Бог адказвае табе: “О, няхай сапраўды знікне твая сіла, каб засталася Мая, і ты мог сказаць разам з апосталам: “Калі я слабы, тады я моцны”» (Super Ps. 70, 11). Той факт, што сёння расце колькасць людзей у пажылым узросце, становіцца для нас знакам часу, які мы пакліканы распазнаць, каб адпаведна інтэрпрэтаваць сучасны нам момант гісторыі.
Жыццё Касцёла і свету па-сапраўднаму можна зразумець толькі праз пераемнасць пакаленняў, а калі мы сустракаем пажылога чалавека, то разумеем лепш, што гісторыя не заканчваецца ў сучаснасці, не вычэрпваецца павярхоўнымі сустрэчамі і фрагментарнымі адносінамі, а разгортваецца ў будучыню. У кнізе Быцця мы знаходзім кранальны эпізод благаслаўлення, якое даў стары Якуб сваім унукам, сынам Юзафа: ягоныя словы заахвочваюць іх глядзець у будучыню з надзеяй, як у часы Божых абяцанняў (гл. Быц 48, 8-20). Калі праўда, што слабасць пажылых патрабуе сілы маладых, то праўда і тое, што недасведчанасць маладых патрабуе сведчання пажылых, каб мудра планаваць будучыню. Колькі разоў нашы бабулі і дзядулі былі для нас прыкладам веры і пабожнасці, чалавечых цнотаў і сацыяльнай адданасці, памяці і трываласці ў выпрабаваннях! Мы ніколі не зможам з дастатковай удзячнасцю і паслядоўнасцю адказаць на гэтую цудоўную спадчыну, якую яны перадалі нам з надзеяй і любоўю.
Знакі надзеі для пажылых людзей
Юбілей, ад сваіх біблійных пачаткаў, сімвалізаваў час вызвалення: нявольнікаў адпускалі на свабоду, даўгі даравалі, зямлю вярталі першапачатковым уладальнікам. Гэта быў час аднаўлення грамадскага ладу, задуманага Богам, калі была магчымасць выправіць няроўнасць і прыгнёт, назапашаныя гадамі. Езус аднаўляе гэтыя падзеі вызвалення, калі ў сінагозе ў Назарэце абвяшчае добрую навіну ўбогім, вяртанне зроку сляпым, вызваленне вязняў і свабоду прыгнечаным (пар. Лк 4, 16-21).
Гледзячы на пажылых людзей з перспектывы Юбілею, мы таксама пакліканы разам з імі перажыць вызваленне, асабліва ад адзіноты і пакінутасці. Сёлета якраз спрыяльны час, каб гэта здзейсніць. Вернасць Бога сваім абяцанням вучыць нас, што ў старасці ёсць благаслаўленне, сапраўдная евангельская радасць, якая натхняе нас разбураць муры абыякавасці, у якіх часта апынаюцца пажылыя людзі. Нашыя грамадствы, паўсюль у свеце, занадта прызвычаіліся абмінаць і забываць гэтую значную і багатую частку свайго асяроддзя.
Улічваючы гэтую сітуацыю, неабходна змяніць тэмп і тым самым паказаць, што ўвесь Касцёл бярэ на сябе адказнасць. Кожная парафія, кожная супольнасць, кожная касцёльная група пакліканы да дзейнага ўдзелу ў «рэвалюцыі» ўдзячнасці і клопату, якую можна ажыццявіць праз частае наведванне пажылых людзей, стварэнне сетак падтрымкі і малітвы за іх і разам з імі, а таксама праз будаванне адносін, якія могуць даць надзею і годнасць тым, хто адчувае сябе забытым. Хрысціянская надзея заўсёды падштурхоўвае нас да большай адвагі, да маштабнага мыслення, да незадавальнення існуючым становішчам. У нашым выпадку, да працы над зменамі, якія адновяць павагу і любоў да пажылых людзей.
Таму папа Францішак хацеў, каб Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей святкаваўся перадусім як сустрэча з самотнымі асобамі. І па той жа прычыне было вырашана, што тыя, хто не можа сёлета здзейсніць пілігрымку ў Рым, могуць «атрымаць юбілейны адпуст, калі наведаюць самотных пажылых людзей на працягу адпаведнага часу, […] у пэўным сэнсе, здзейсніўшы пілігрымку да Хрыста, прысутнага ў іх (пар. Мц 25, 34-36)» (пар. Апостальская Пенітэнцыярыя, Дэкрэт аб удзяленні юбілейнага адпусту, III). Наведванне пажылога чалавека – гэта спосаб сустрэць Езуса, які вызваляе нас ад абыякавасці і адзіноты.
Пажылыя людзі могуць захоўваць надзею
Кніга Сіраха сцвярджае, што благаслаўлёныя тыя, хто не страціў надзеі (пар. 14, 2), мяркуючы, што ў нашым жыцці, асабліва калі яно доўгае, можа быць шмат прычын азірацца назад і не глядзець наперад. І ўсё ж, як пісаў папа Францішак падчас свайго апошняга знаходжання ў бальніцы, «нашы целы слабыя, але, нягледзячы на гэта, нішто не можа перашкодзіць нам любіць, маліцца, ахвяроўваць сябе, каб жыць з верай адно для аднаго, будучы ззяючымі знакамі надзеі» (Анёл Панскі, 16 сакавіка 2025 г.). У нас ёсць свабода, якую не могуць адабраць ніякія цяжкасці: свабода любіць і маліцца. Мы ўсе, заўсёды, можам любіць і маліцца.
Любоў да нашых блізкіх — да мужа ці жонкі, з кім мы правялі большую частку жыцця, да дзяцей, да ўнукаў, якія асвятляюць нашыя дні, — не знікае, калі сілы слабнуць. Насамрэч, менавіта любоў блізкіх часта абуджае ў нас энергію, прыносячы надзею і суцяшэнне.
Гэтыя знакі жыццядайнай любові, укаранёныя ў самым Богу, дадаюць нам мужнасці і нагадваюць, што «хоць знешні наш чалавек тлее, духоўны з дня ў дзень аднаўляецца» (2 Кар 4, 16). Таму, асабліва ў пажылым узросце, будзем захоўваць давер да Пана. Дазволім, каб нас штодня аднаўляла сустрэча з Ім — у малітве і ў св. Імшы. Працягнем з любоўю перадаваць веру, якой мы жылі столькі гадоў, у сваіх сем'ях і ў штодзённых сустрэчах. Няхай жа мы няспынна будзем праслаўляць Бога за Яго дабрыню, клапаціцца пра еднасць з нашымі блізкімі, адкрываць сэрцы тым, хто далёка, і асабліва тым, хто жыве ў патрэбе. Так мы будзем знакамі надзеі ў любым узросце.
ПАПА ЛЕЎ XIV