Skip to main content

Моладзь з Макараўцаў, Вялікай Бераставіцы і Індуры наведала гістарычныя мясціны і санктуарыі

moladz 3

З 14 па 17 ліпеня моладзь парафій у Макараўцах, Вялікай Бераставіцы і Індуры здзейсніла падарожжа па гістарычных мясцінах і санктуарыях Беларусі.

Пачалося падарожжа з Навагрудка. У парафіі св. Міхала Арханёла пробашч кс. Юрый Жэгарын сардэчна сустрэў моладзь і пазнаёміў з гісторыяй касцёла, распавёўшы, што гэтая святыня стала сведкай многіх цудаў. Таксама ён цэлебраваў Імшу, на якой госці пачулі ў гаміліі пра Божыя ласкі, звязаныя з гэтым касцёлам. Пасля літургіі адбылася экскурсія па горадзе, у межах якой удзельнікі даведаліся шмат цікавага пра гісторыю Навагрудка і яго выдатных дзеячоў.

15 ліпеня юнакі і дзяўчаты наведалі Гальшаны. Пробашч мясцовай парафіі а. Багуслаў Вуйтовіч OFM Conv распавёў пра гісторыю парафіяльнай святыні, пасля моладзь пабывала ў Гальшанскім замку.

Наступным пунктам маршруту сталі Ашмяны, а кульмінацыяй дня – наведванне санктуарыя Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах, дзе ля цудатворнага абраза, які знаходзіцца ў гэтай святыні, адбылася Імша. Ксёндз Павел Беланос у гаміліі падкрэсліў, што час, праведзены разам у малітве, павінен стаць момантам унутранага перамянення. Кусташ санктуарыя кс. Павел Паўлюкевіч пазнаёміў гасцей з гісторыяй касцёла і абраза, адзначыўшы, што да гэтай іконы людзі звяртаюцца з верай ужо шмат стагоддзяў.

На наступны дзень удзельнікі падарожжа наведалі возера Свіцязь. Яны паведамляюць, што гэты дзень прынёс ім шмат радасці і што ў гэтым месцы “адчувалася еднасць з прыродай і супольнасцю”.
Завяршэннем вандроўкі стала Імша падзякі ў санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі. Кусташ санктуарыя кс. канонік Чэслаў Паўлюкевіч пазнаёміў маладых людзей з гісторыяй цудадзейнай фігуры, якая знаходзіцца ў гэтай святыні, і сведчаннямі вернікаў. Святар адзначыў у сваёй прамове, што цуды адбываюцца і сёння і што найвялікшы з іх – цуд навяртання чалавечага сэрца.

Па словах удзельнікаў падарожжа, для іх гэта былі “дні не толькі адпачынку, але і духоўнага росту, малітвы і глыбейшага пазнання гісторыі нашай Бацькаўшчыны”, гэтыя дні прынеслі ім “асаблівы досвед веры, адзінства і духоўнага абнаўлення”, а вярталіся з падарожжа яны “з адкрытымі сэрцамі і новымі ўражаннямі”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі