20 ліпеня галоўную Імшу ў межах адпустовых урачыстасцяў у гонар Маці Божай з гары Кармэль у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Гудагаі цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Сёлетні гудагайскі фэст праходзіў 19-20 ліпеня, яго адметнасцю было тое, што ён адбыўся ў 35-ю гадавіну адраджэння служэння айцоў кармэлітаў у гэтым санктуарыі.
У цэлебрацыі галоўнай Імшы ўдзельнічалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, айцы кармэліты босыя, якія служаць у Гудагаі і іншых месцах Беларусі, на чале з Рэгіянальным вікарыем а. Пятром Фраштэнгам OCD, іншыя святары.
У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што ў гісторыі збаўлення было тры словы “fiat” (“так”): першае сказаў Бог, калі настала паўната часу, другое – Сын Божы, каб выканаць Божую волю і збавіць чалавецтва, трэцяе – Панна Марыя падчас Звеставання, калі згадзілася стаць Маці Збаўцы. Па словах іерарха, дзякуючы “так” Панны Марыі адбыўся цуд Богаўцелаўлення, Бог стаў адным з людзей і памёр за іх, каб іх жыццё было поўнае Божай ласкі; калі “не” Евы прывяло да таго, што брамы раю зачыніліся, то “так” Марыі – да таго, што яны адчыніліся.
Арцыбіскуп падкрэсліў, што, каб Бог мог весці людзей шляхам збаўлення, патрэбна іх згода, іх “так” з мэтай дазволіць Яму дзейнічаць у сэрцах. “А поле Яго дзеяння бязмежнае”, – дадаў іерарх.
Ён з жалем адзначыў, што “сучасная Еўропа з хрысціянскімі каранямі ўжо постхрысціянская, яе ідэалогія часам нават антырэлігійная”, “многія евангельскія пастулаты і традыцыі сёння не толькі пераглядаюцца, але нават забараняюцца”. “Мы перажываем глыбокі крызіс веры, які найперш праяўляецца ў крызісе падмурку грамадства – сям’і, у крызісе перадачы Божага дару жыцця, – заўважыў таксама арцыбіскуп. – Ідзе пошук лягчэйшага стылю жыцця, зашкальвае колькасць выпадкаў перарывання цяжарнасці, і гэта вядзе да нябачанага дагэтуль дэмаграфічнага крызісу, які змушае паўтарыць пытанне Папы Францішка: “Куды мы ідзём з пустымі калыскамі?” Увагу іерарх звярнуў і на наступнае: “сур’ёзным выклікам з’яўляецца маральная дэградацыя, якая абагаўляе свабоду паводзінаў – сумленне чалавека становіцца нячулым да маралі, і ён не прызнае грэх”; “вялікі непакой выклікае гендарная ідэалогія, якая ўводзіць культурнае, а не біялагічнае паняцце полу, у выніку чаго чалавек можа сам яго выбіраць”; “гендарызм можа нават пагражаць забаронай Бібліі, паводле якой Бог стварыў чалавека як мужчыну і жанчыну – нездарма Папа Францішак называў гендарызм адной з самых небяспечных ідэалагічных каланізацый”; “Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі і штучны інтэлект далёка не заўсёды спрыяюць духоўнаму выхаванню моладзі”; “дзякуючы касмічным хуткасцям у развіцці навукі і тэхналогій чалавецтва набыло вялікае багацце, але неэтычнае яго выкарыстанне становіцца інструментам злоўжыванняў, тэхналогіі дамінуюць над этыкай і выкарыстоўваюцца для дэмаралізацыі”; “вялікай праблемай з’яўляецца працагалізм, калі людзі па-за працай нічога не бачаць”; “многія жывуць так, як быццам Бог не існуе, пакланяюцца фальшывым багам грошай, улады і пажадлівасці – самае галоўнае добра паесці, паспаць і мець доступ да Інтэрнэту”; “сучаснаму чалавеку, які на свае пытанні шукае рацыянальнага адказу, Езус не патрэбны і нават шмат каму перашкаджае”.
Па словах арцыбіскупа, з-за адыходу ад маральных каштоўнасцей назіраецца крызіс надзеі. “Хрысціянская надзея робіць чалавека шчаслівым, бо надае сэнс будучыні”, – падкрэсліў ён і дадаў, што Юбілейны 2025 год, Год надзеі, заклікае “вярнуцца да надзеі сёння, калі нашае жыццё нярэдка здаецца бессэнсоўным”.
Іерарх назваў вельмі актуальнымі ў сітуацыі маральнай разгубленасці словы Папы Льва XIV, што праўда – гэта не проста паняцце ці ідэя, а сустрэча з Асобай Хрыста. “Гэтым Пантыфік падкрэслівае неабходнасць прыняць праўду Евангелля, а не шукаць апладысментаў коштам адрачэння ад Божага закону і прыпадабнення да Пілата, які ўмыў рукі”, – патлумачыў арцыбіскуп.
“Езус пытаецца, за каго мы Яго прымаем – за гістарычную асобу, за мага ці за Сына Божага. Які наш адказ? Хрысціянства – гэта не прыклееная да нас этыкетка, а жыццё духам Евангелля, – адзначыў іерарх. – Мы павінны разам з апосталам Пятром адказаць: “Ты Сын Бога Жывога, які мае словы вечнага жыцця”. У Езусе нашае жыццё не з’яўляецца марным імкненнем да міражу шчасця, а набывае сэнс, мэту і надзею, прыносячы суцяшэнне і спакой у сэрцы. Нездарма святы Аўгустын кажа: “Не супакоіцца маё сэрца, пакуль не спачне ў Богу”.
“Як Панна Марыя прыняла Божае слова, так і мы павінны прыняць Евангелле, каб быць асветленымі Божай праўдай і несці яе іншым, – падкрэсліў арцыбіскуп. – Бог выбраў нас у гэты час гісторыі, як у свой час выбраў Марыю. У сваіх змаганнях мы перш за ўсё павінны прасіць Бога аб Яго прысутнасці ў нашых душах, а не аб прывілеях і багаццях. А гэта будзе тады, калі мы, як Марыя, скажам Яму “так”, усклікнем у хаосе сучаснасці: “Мы хочам Бога!”, каб духоўна аздаравіць нашае грамадства”.
“Беларусь, любая Айчына! Не бойся Бога! – заклікаў арцыбіскуп. – З надзеяй, якая здольная перамагчы нават самыя складаныя выпрабаванні, прымі Яго і верна служы Яму! Ён нічога не забірае, а толькі дае! Скажы Яму “так”, і будзеш разам з Марыяй спяваць Яе гімн “Magnificat”, бо Бог учыніць табе вялікія рэчы”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі