У межах урачыстасцяў у гонар Маці Божай з гары Кармэль, якія праходзілі ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Гудагаі 19-20 ліпеня, начную Імшу цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
У Імшы ўдзельнічалі айцы кармэліты босыя, якія служаць у Гудагаі і іншых месцах Беларусі, іншыя святары, манаскія асобы, сярод якіх вылучалася супольнасць сясцёр кармэлітак ад Дзіцяткі Езуса, паведамляе catholic.by. Літургіі папярэднічала традыцыйная працэсія з копіяй цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай.
У гаміліі біскуп Буткевіч адзначыў, што сённяшняму свету патрэбна трываласць у малітве і пошуку Бога – моцнага фундамента, на які абапіраецца духоўнае жыццё чалавека.
Паколькі ў гудагайскім санктуарыі ўшаноўваецца Панна Марыя з гары Кармэль, іерарх звярнуўся да вобразу гор. Ён сказаў, што іх прыгажосць і велічнасць дапамагаюць усвядоміць веліч Бога, які іх стварыў, што дзейнасць Езуса Хрыста (навучанне, чыненне цудаў, перамяненне, малітва) адбывалася на гары і што на гары (Галгоце) здзейснілася Яго адкупленчая смерць. Па словах біскупа, гара – не толькі элемент рэльефу або месца на мапе; гэтае слова таксама азначае высілак, які трэба прыкласці, каб трапіць туды. Іерарх нагадаў пра вучэнне святых Яна ад Крыжа і Тэрэзы ад Езуса – вялікіх містыкаў Ордэну кармэлітаў, у творах якіх выкарыстоўваецца вобраз гары Кармэль.
“Узыходжанне на гару – гэта нашае духоўнае жыццё, — сказаў біскуп. — Гэта ўзровень, на якім чалавек павінен пазбавіцца ад граху і прывязанасцяў да зямных рэчаў”. Іерарх дадаў, што без духоўнага ўпарадкавання немагчыма выйсці на гэты вышэйшы ўзровень, бо перашкодай для чалавека будзе прывязанасць да зямнога.
Біскуп адзначыў, што навесці парадак у сэрцы дапамагае Маці Божая. Па яго словах, Яна дала чалавецтву дзейсную дапамогу – ружанцовую малітву, і гэтая малітва ўратавала веру нашых продкаў, якія ў часы бязвер’я змаглі зберагчы і перадаць веру наступным пакаленням.
Біскуп нагадаў таксама пра шкаплер, які распаўсюджваюць кармэліты. Ён сказаў, што з дапамогай шкаплера Панна Марыя ўратавала Ордэн кармэлітаў ад знішчэння, а сёння ратуе сэрцы тых, хто прымае гэты знак і тым самым далучаецца да ўсіх, хто шануе Маці Божую. Звяртаючы ўвагу на тое, што на шкаплеры змешчаны выявы сэрцаў Езуса і Марыі, іерарх патлумачыў: калі чалавек носіць гэты знак, то быццам знаходзіцца паміж двума гэтымі сэрцамі, якія абараняюць яго ад духоўнай небяспекі – граху; тады ён, па словах біскупа, адчувае сябе як дзіця, якое схапілася за рукі бацькоў.
Біскуп назваў важным тое, каб не ўспрымаць шкаплер як амулет ці абярэг, а насіць яго з верай, памятаючы, што “благаслаўлёныя тыя, хто слухае слова Божае і захоўвае яго”. Іерарх дадаў, што толькі тады ў жыцці чалавека рэалізуюцца абяцанні Маці Божай, звязаныя з гэтым знакам, бо Яна сама захоўвала і выконвала словы Бога.