Skip to main content

“Канікулы з Богам” прайшлі ў Іўі

ksb iye 3

З 14 па 20 ліпеня пры парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі адбыліся “Канікулы з Богам” для дзяцей. У іх удзельнічала ў агульнай колькасці 130 чалавек.

Праграма мерапрыемства ўключала гульні, забавы, танцы, конкурсы, квэст, канферэнцыі. Кожны дзень распачынаўся Імшой у парафіяльным касцёле.

Дзеці былі падзелены на чатыры каманды, у першы дзень ім прапаноўвалася пазнаёміцца і прадставіць сваю каманду праз танцы і песні. Самым насычаным і пазнавальным для дзяцей стаў квэст. Ён праходзіў на тэрыторыі касцёла, у яго межах каманды выконвалі спартыўныя і інтэлектуальныя заданні. Дзеці адказалі на пытанні з Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, сабралі рэчы ў паход, аказалі першую медыцынскую дапамогу і паспрабавалі прыгатаваць абед.

У апошні дзень маленькія парафіяне падвялі вынікі спаборніцтваў, папрасілі прабачэння за ўсё дрэннае, што магло быць паміж імі, абмяняліся кантактамі для сувязі і падзякавалі арганізатарам канікул – моладзі, якая ўвесь гэты час апекавалася імі.

Як паведамляе Раман Ярмош, такія сустрэчы “кожны раз даюць маленькім парафіянам вельмі шмат”, “тут яны знаходзяць новых сяброў, праводзяць час з тымі, каго даўно ведаюць, даведваюцца шмат цікавага на ўроках катэхезы, спрабуюць сябе ў незвычайных занятках”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі