20 ліпеня ў лесе ў Навумавічах адбылася малітва з нагоды 82-й гадавіны смерці мучанікаў Другой сусветнай вайны, у тым ліку благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай.
У гэтым месцы з 13 па 16 ліпеня 1943 г. былі расстраляны гітлераўцамі больш за 3 тысячы чалавек, сярод якіх інтэлігенцыя, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, духоўныя асобы, у тым ліку капелан сясцёр назарэтанак і прэфект школ кс. Юстын Скакоўскі, вікарый гродзенскай Фары кс. Казімір Шыпіла, гвардыян гродзенскага францішканскага кляштара а. Дыянізій Клімчак, а таксама, сярод 48 жыхароў Гродна і Ліпска, благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая разам з сынам – яна аддала жыццё за цяжарную нявестку і яе будучае дзіця.
На святой Імшы ў навумавіцкім лесе прысутнічала шмат удзельнікаў, у тым ліку духавенства, законныя сёстры, вернікі з Гродна, якія прыбылі ў пешых пілігрымках. Літургію ўзначаліў біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч. У пачатку ён адзначыў, што гэты лес – асаблівае месца, якое захоўвае памяць аб тых трагічных падзеях, і што гэтая зямля святая, бо акроплена крывёй шматлікіх мучанікаў, якія вучаць сённяшніх людзей адвазе ў вызнаванні веры.
Гамілію прамовіў кс. канонік Юрый Марціновіч, пробашч маладой гродзенскай парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай – адзінай у свеце парафіі пад такім тытулам. Святар сказаў: “Кожны раз, калі мы наведваем гэтае месца, то робім гэта не для таго, каб толькі ўзрушыцца ці заплакаць над лёсам благаслаўлёнай Мар’яны і іншых мучанікаў, а для таго, каб вучыцца ад іх такой любові на практыцы і прасіць іх быць для нас настаўнікамі любові – у нашых сем’ях, супольнасцях”.
Ксёндз Юрый падкрэсліў, што трэба “заўсёды прасіць мучанікаў нашай зямлі дапамагаць нам весці такое жыццё, у якім акрамя нас хтосьці яшчэ важны і нават важнейшы за нас”.
На Эўхарыстыі маліліся за Беларусь, каб у ёй панаваў мір, за ўсе сем’і, каб яны на ўзор благаслаўлёнай Мар’яны былі здольныя на ўзаемнае служэнне, адданасць і ахвяру, за мір ва ўсім свеце і ў кожнай сям’і.
Таксама прысутныя падтрымалі ахвяраваннямі будаўніцтва касцёла парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай, які ўзводзіцца ў гродзенскім мікрараёне Баранавічы. Нам паведамляецца, што вернікі гэтай парафіі вельмі ўдзячныя за ахвяраванні і будуць аддаваць доўг удзячнасці малітвай.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Артур Антушэвіч