Skip to main content

У гродзенскай катэдры адзначылі імяніны біскупа Уладзіміра Гуляя

imeniny huliaj 6

15 ліпеня ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша з нагоды імянін біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя.

Узначаліў літургію сам імяніннік, у цэлебрацыі ўдзельнічала некалькі святароў, у тым ліку біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.

Вітаючы прысутных, біскуп Гродзенскі сказаў, што “святасць – гэта магчыма” і што адным з прыкладаў гэтага з’яўляецца святы Уладзімір.

Сакратар біскупа кс. Анджэй Ганчар у гаміліі адзначыў, што прамаўляць нейкія словы ў такі дзень – “нялёгкая задача”: “Бо хочацца сказаць нешта важнае, але не перабольшыць. Зірнуць на біскупа з павагай, але не ўсхваляць. Звярнуцца да ўсіх з цеплынёй, але не забыцца на Божае слова, якое мы толькі што пачулі”.

Кажучы пра асобу святога Уладзіміра, святар заўважыў, што гэты князь, чалавек улады “мог застацца ў язычніцкай цемры, як яго продкі, але калі ў яго жыццё прыйшоў Хрыстус – ён не адмовіўся, адкрыў сэрца”.

“Ён прыняў хрост. І праз гэты хрост перамяніўся – не толькі з выгляду, але і знутры. Ён стаў сапраўдным хрысціянінам – не па форме, а па сэрцы. Ён пачаў будаваць святыні, вызваляць нявольнікаў, клапаціцца пра бедных. Ён стаў сапраўдным “роўнаапостальным” – таму што адказаў”, – адзначыў ксёндз Анджэй і дадаў, што, аднак, “так было не заўсёды”, спачатку жыццё Уладзіміра “не было святым”. “Ён быў жорсткім, ваяўнічым, адданым язычніцкім звычаям. Але Божая ласка дакранулася яго – і ён не зачыніўся на яе”, – падкрэсліў святар.

imeniny huliaj 7

Звяртаючыся да імянінніка, ён сказаў: “Сёння мы не хочам Вас хваліць. Вы гэтага і не шукаеце. Але мы хочам сёння з удзячнасцю памаліцца за Вас. За тое, што Вы сярод нас. Не як кіраўнік – але як пастыр. Не як адміністратар – але як чалавек, які штодзень стараецца быць побач, слухаць, маліцца і служыць. У Вашай стрыманасці – супакой. У Вашым слове – разуменне. У Вашай пастырскай цішыні – глыбокая малітва”.

“Няхай святы Уладзімір будзе для Вас не толькі заступнікам, але і брацкім прыкладам. А для нас – заклікам адказваць на ласку”, – пажадаў ксёндз Анджэй.

У канцы Імшы біскупа павіншавалі кс. канонік Антоні Грэмза – ад імя духавенства дыяцэзіі, семінарысты, кіраўніцтва Тэалагічнага каледжа імя св. каралевіча Казіміра ў Гродне, прадстаўнікі Францішканскага ордэну свецкіх.

Біскуп падзякаваў за віншаванні.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі