Skip to main content

У гервяцкім касцёле адбыўся канцэрт Гродзенскай капэлы

kapelavgervjatah1

У касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах (Астравецкі дэканат) з праграмай “Боскія мелодыі: часы і эпохі” з цыклу “Класіка ў храмах” выступіў Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Гродзенская капэла”.

Як паведамляе ostrovets.by, прагучалі мелодыі Баха, Гендэля, Вівальдзі, Моцарта, Качыні, іншых кампазітараў з мінуўшчыны і сучасных.

На канцэрце ў гервяцкім касцёле, які называюць беларускім Нотр-Дамам, сабраліся шматлікія слухачы з розных месцаў краіны. Пробашч парафіі кс. Павел Ствол прывітаў прысутных, сказаў, што прыйсці паслухаць прыгожую музыку – значыць “хваліць Бога, дзякаваць за ўсе тыя даброты, якімі Ён нас адорвае”, і пажадаў, каб канцэрт “унёс у душы выканаўцаў і слухачоў святло і супакой, напоўніў іх унутранай прыгажосцю”.

kapelavgervjatah2

Ксёндз Павел адзначыў таксама, што “гервяцкі касцёл асаблівы”, што ён бываў у гэтай святыні школьнікам, сустракаўся з былым пробашчам парафіі кс. Леанідам Несцюком, калі быў падлеткам, затым семінарыстам, святаром. “Цяпер, калі мне выпаў гонар узначаліць гервяцкую парафію, хочацца зрабіць усё магчымае, каб узняць яе на адпаведны ўзровень. Бо гэта – радзіма, тут і сонца ярчэй свеціць, і неба больш празрыстае. З Божай дапамогай і надалей буду імкнуцца арганізоўваць падобныя канцэрты і іншым чынам рабіць разнастайным духоўнае жыццё парафіі і раёна”, – сказаў святар.