Skip to main content

На дыяцэзіяльных урачыстасцях у Тракелях былі адноўлены сужэнскія абяцанні

suzanskija 14

12 ліпеня ў межах двухдзённых дыяцэзіяльных адпустовых урачыстасцяў у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбыўся абрад аднаўлення сужэнскіх абяцанняў.

Траккельскі санктуарый – месца асаблівай малітвы за сем’і. Абрад аднаўлення сужэнскіх абяцанняў можна назваць адным з самых маляўнічых мерапрыемстваў у межах дыяцэзіяльных урачыстасцяў, якія праходзяць там. Падчас абраду сужэнцы, якіх збіраюцца дзясяткі, гледзячы ў вочы адно аднаму, аднаўляюць свае любоў, вернасць, павагу і абяцаюць быць разам да канца жыцця.

Сёлета найстарэйшай парай, якая ўдзельнічала ў абрадзе, былі сужэнцы з 56-гадовым стажам.

suzanskija 18

Абрад узначаліў генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Іерарх адзначыў, што сёння, калі хрысціянскія каштоўнасці адкідваюцца, трэба мець асабліва трывалы фундамент, якім павінен быць Бог, любоў, прабачэнне. Па словах біскупа, калі будаваць жыццё на Богу, то разам з Ім можна будзе пераадолець усе сямейныя канфлікты і падзелы, у сям’і будуць панаваць любоў, павага і згода.

Біскуп заклікаў сужэнцаў даваць штодзённае сведчанне сапраўднага хрысціянскага жыцця сваім дзецям і ўнукам, заставацца надзеяй Касцёла і нашай краіны.

Ён удзяліў прысутным пастырскае благаслаўленне, пажадаўшы міру кожнай сям’і.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі