Раніцай 12 ліпеня ў межах дыяцэзіяльных урачыстасцяў у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася Імша, на якой маліліся за тых, хто сёлета адзначае юбілей святарскага ці манаскага служэння.
Узначаліў літургію дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Прысутнічалі ксяндзы Павел Астукевіч, Павел Калеснік, Андрэй Казлоўскі, Лявон Лішык, Валянцін Хвядук, Генадзь Кухарэвіч CSMA, якія адзначаюць 25-годдзе святарства, і сястра Рэгіна Садоўская з Кангрэгацыі Школьных Сясцёр Нотр-Дам, якая адзначае 25-годдзе манаскага жыцця.
У гаміліі біскуп нагадаў, што духоўныя асобы ў таямніцы святарскага і манаскага пакліканняў прысвячаюць сваё жыццё іншым, і падкрэсліў важнасць малітвы за іх.
Іерарх падзякаваў свецкім вернікам за такую малітву, папрасіў працягваць падтрымліваць ёю святароў і кансэкраваных асобаў і спадарожнічаць іх служэнню.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі