Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі Іўеўскага дэканату ў Тракелі: “Людзі сустракалі нас, частавалі і прасілі аб малітве”

iue2 2

Другі дзень. Іўе – Суботнікі – Геранёны

Другі дзень нашай пілігрымкі выдаўся не менш насычаным, чым першы, і не менш мокрым. З самай раніцы ліў дождж, але пілігрымы ўсё роўна пачалі збірацца ў касцёле, дзе а дзявятай гадзіне распачалася святая Імша, якую цэлебраваў дырэктар нашай пілігрымкі ксёндз Андрэй разам з пробашчам ксяндзом Паўлам, які пазней благаславіў нас у лёгкі і “сухі” шлях. Па дарозе праз Іўе пілігрымы – у цэлым 104 чалавекі – разбудзілі горад сваім прыгожым спевам. У гэты час некаторыя людзі частавалі нас слодычамі і вадой.

Выйшаўшы з горада, мы распачалі малітву Гадзінкамі да Маці Божай, а незаўбаве да нас далучыўся кс. Вячаслаў Матусевіч, які ўчора частаваў нас у Дудах. Ён прамовіў канферэнцыю. У першай палове дня мы разважалі над другой часткай Сімвала веры – “веру ў Езуса Хрыста”.

А пасля мы паспяшылі, бо ў Суботніках чакаў абед. Нас прывітаў і пазнаёміў з цікавай гісторыяй касцёла кс. Аляксандр Лебядзевіч, пробашч парафіі св. Уладзіслава.

Пасля абеду мы мелі магчымасць адпачыць, але адметнасцю гэтага прыпынку сталі чэргі да медыкаў: нашы пілігрымы зарабілі першыя мазалі.

iue2 1

У другой палове дня ў нас была наступная канферэнцыя, у межах якой ксёндз Аляксандр удасканаліў нашыя веды адносна Духа Святога. Па дарозе ў розных вёсках нас сустракалі людзі, частавалі і прасілі аб малітве.

Увечары мы прыйшлі ў Геранёны, дзе нас чакалі парафіяне разам з пробашчам ксяндзом Віталіем, каб узяць нас дадому. На вечар была запланавана адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, на якой была не толькі моладзь, але і старэйшыя. Прыгожы спеў, цішыня, разважанні дапамаглі паразмаўляць з Богам. Пасля кожны атрымаў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам, і мы пачалі разыходзіцца па дамах, бо надвор’е не дало правесці вясёлы вечар на свежым паветры.

Падводзячы вынік дня, варта зазначыць, што гэты дзень не быў лёгкі, але мы дайшлі да месца адпачынку, дзе набяромся сіл.

9 ліпеня з Лаздун выйшла пешая пілігрымка Іўеўскага дэканату на ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

Маршрут: Лаздуны – Дуды – Іўе – Суботнікі – Геранёны – Тракелі.

Раман Буднік