Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі Гродна – Тракелі: “У пілігрымцы ёсць тыя, у каго варта папрасіць прабачэння, і тыя, каму хочацца падзякаваць”

den6 2

Дзень шосты. Жырмуны – Тракелі

Гэта неверагодна! Як жа хутка праляцелі гэтыя шэсць дзён! Як адно імгненне… і вось мы ўжо дома, зноў спім на мяккіх ложках, прымаем гарачы душ і п’ём любімую зялёную гарбату або каву з малаком, але без цукру. Пачынае здавацца, што ўсё гэта было толькі сном…

Апошні дзень нашай пілігрымкі па кіламетражы быў вельмі лёгкім, таму можна было не спяшацца рана ўставаць і выпраўляцца ў дарогу. Праўда, калі спіш у клубе на цвёрдай падлозе, цяжка паспаць даўжэй… Затое нашы кухары не драмалі і паспелі прыгатаваць і кашу ў палявой кухні, і гару бутэрбродаў.

У касцёле мы здзейснілі ранішнюю малітву і выслухалі канферэнцыю ксяндза Яўгена пра Панну Марыю. Святар пералічыў сем момантаў з жыцця Багародзіцы, якія даказваюць, што ў мяне шмат агульнага з Маці Божага Сына.

Самай запамінальнай і важнай падзеяй гэтага дня для мяне была Гара (хутчэй даліна) прабачэння. У пілігрымцы заўсёды ёсць тыя, у каго варта папрасіць прабачэння, і тыя, каму хочацца падзякаваць проста за тое, што яны ёсць. Як заўсёды, былі і слёзы, і моцныя абдымкі, і фота на памяць.

den6 3

Ад Гары прабачэння да Тракеляў заставалася зусім няшмат. І ледзь толькі мы пачалі набліжацца да санктуарыя, пачаўся дождж. На шчасце, ён быў нямоцны і хутка скончыўся.

Вітаў нас новы кусташ санктуарыя. Пасля мы ўсе зайшлі на тэрыторыю святыні і ляглі там крыжам, дзякуючы за пройдзены шлях.

Надвор’е ў гэты дзень палохала нас моцным ветрам і магчымасцю навальніцы і граду. На шчасце, гэтыя прагнозы не спраўдзіліся і мы ўвайшлі ў Тракелі амаль сухімі.

Эмоцый шмат, успамінаў хопіць надоўга. Гэта быў цудоўны час, няхай ён і патрабаваў намаганняў. І, здаецца, я ўжо гатова ісці ў наступным годзе!

den6 1

6 ліпеня з Гродна выйшла пешая пілігрымка на ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

Маршрут: Гродна – Парэчча – Новы Двор – Забалаць – Радунь – Жырмуны – Тракелі.

Дэвіз паломніцтва – “Мы пілігрымы надзеі”.

Вікторыя Сідар