Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі Гродна – Тракелі: “Зрабілі крыж і ўстанавілі яго ў лесе як сімвал любові Бога”

den5 2

Дзень пяты. Радунь – Жырмуны

Гэты дзень быў вельмі непраказальным і багатым на разнастайныя эмоцыі. Пачыналі мы яго пад зацягнутым небам і без гітары – бо гэты дзень сімвалічна лічыцца ў нас пакутным. На Імшы кс. Андрэй Белаблоцкі падбадзёрыў нас сваёй гаміліяй і нагадаў цудоўную кароценькую песеньку з фільма пра Філіпа Неры, у якой гаворыцца: “я выбіраю рай”. Гэтая мілая мелодыя спадарожнічала нам на працягу ўсяго дня. Важнай і ключавой мне здалася думка, што святасць не з’яўляецца ўмовай таго, каб Бог мяне любіў; святасць – гэта плён адносін з Богам.

У першай палове дня мы маліліся Ружанец, а потым удзельнічалі ў разважаннях Крыжовага шляху. Малітва была напісана ад першай асобы, каб кожны ўбачыў: як лёгка і часта я ў паўсядзённым жыцці ўкрыжоўваю Хрыста.

Упершыню ўсе пілігрымы неслі збіты сваімі рукамі крыж, перадаючы яго на кожнай стацыі. Пасля малітвы мы ўстанавілі яго ў лесе каля дарогі як сімвал любові Бога, які памёр за нас на крыжы.

den5 2

Абед сёння быў вельмі паспешным, бо літаральна праз паўгадзіны пачаўся дождж і мы былі вымушаны рушыць далей, так асабліва і не адпачыўшы. Але нават у гэтым быў свой плюс.

Дзякуючы таму, што мы прыйшлі ў Жырмуны раней, у актавай зале для нас была арганізавана канферэнцыя ксяндза Яўгена. Сёння гаворка ішла аб запаведзях “не крадзі” і “не сведчы фальшыва супраць бліжняга”.

Святар звярнуў увагу на тое, што мы можам здзяйсняць не толькі стандартны крадзеж, але і красці сябе ў іншых, калі адмаўляемся своечасова дапамагчы чалавеку, які мае ў нас патрэбу; можам красці час іншага чалавека, калі патрабуем дапамогі, хаця маглі б справіцца самі; а таксама што можна красці самога сябе ў сябе, калі мы імкнёмся пераймаць кагосьці і губляем сваю выключнасць.

Кажучы пра хлусню, ксёндз Яўген падкрэсліў, што грэх заўсёды пачынаецца з падману, з абяцання ілюзорнага шчасця. Важнай для мяне думкай сталі словы, што мы часам называем праўдай сухія факты, не беручы пад увагу абставіны.

Вечарам нас чакалі танцы, але дождж зноў спрабаваў парушыць нашы планы. Аднак не ўсе спужаліся халоднага ліўня, некаторыя смельчакі працягвалі весяліцца пад праліўным дажджом не горш, чым астатнія пілігрымы ўнутры клуба. Вечар скончыўся сумесным спевам закліку да Панны Марыі. І нас было так шмат, што ў адно кола змясціцца не атрымалася. Рассталіся мы на пазітыўнай і жыццярадаснай ноце, каб заўтра, асвяжыўшыся сном (у маім выпадку на падлозе ў актавай зале клуба), нарэшце дайсці да мэты – у Тракелі…

6 ліпеня з Гродна выйшла пешая пілігрымка на ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

Маршрут: Гродна – Парэчча – Новы Двор – Забалаць – Радунь – Жырмуны – Тракелі.

Дэвіз паломніцтва – “Мы пілігрымы надзеі”.

Вікторыя Сідар