11 ліпеня ў межах двухдзённых дыяцэзіяльных адпустовых урачыстасцяў у санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася святая Імша для пілігрымаў, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска.
На тракельскія ўрачыстасці вернікі прыбылі ў асноўным у пешых пілігрымках. Самай шматлікай была пілігрымка з Гродна (каля 400 чалавек), таксама прыйшла пілігрымка Іўеўскага дэканату, вернікі з Навагрудка, Дзятлава, Воранава, Германішак, Ліды i іншых месцаў, шмат людзей прыбыло ў індывідуальным парадку.
Наогул у дні гэтых урачыстасцяў у Тракелях штогод збіраюцца тысячы вернікаў зблізку і здалёк.
Разам з біскупам Зноскам, наймалодшым каталіцкім беларускім іерархам, Імшу канцэлебравалі шматлікія святары, сярод іх Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама тыя святары, якія прыбылі ў пешых пілігрымках.
У гаміліі біскуп Зноска сказаў, што вельмі ўдзячны Гродзенскай дыяцэзіі, дзе вырас, рыхтаваўся да святарства, а потым быў святаром. Таму і Імшу ён прысвяціў за ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, – каб там яшчэ старанней аберагаўся “скарб моцнай веры і непарушнай традыцыі”.
Біскуп адзначыў, што наведванне санктуарыя з’яўляецца нагодай адчуць сябе часткай Божага народу і што таму ў Тракелях “кожны павінен шукаць супольнага крочання Божымі шляхамі”.
Сваё разважанне іерарх прысвяціў просьбам, якія чалавек звяртае да Бога, і дадаў: “Бог заўсёды глядзіць на нас ласкавым вокам таты”.
Біскуп заахвоціў не баяцца звяртацца да Бога са сваімі просьбамі, падкрэсліўшы, што Ён заўсёды прыслухоўваецца да іх.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі