Skip to main content

У Тракелях прайшла парафіяльная ўрачыстасць

adpust trok 9

2 ліпеня парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях (Радунскі дэканат) адзначыла адпустовую ўрачыстасць.

Святкаванне пачалося з раніцы, праграма ўключала Імшу раніцай, днём і ўвечары, Ружанец, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, урачыстую працэсію з абразом Маці Божай. “Фэст стаў сапраўдным сведчаннем жывой веры і моцнага адзінства тракельскай парафіі”, – паведамілі нам.

У ходзе ўрачыстасці вернікі, стоячы на каленях, чакалі сваёй чаргі, каб прайсці вакол алтара і дакрануцца да абраза Багародзіцы.

У малітве ўдзельнічалі святары суседніх парафій. Гамілію прамаўляў пробашч парафіі Аб’яўлення Пана і св. Антонія Падуанскага ў Каменцы кс. Андрэй Пышынскі.

Святар сказаў: “Сённяшняя ўрачыстасць заахвочвае нас умацоўваць сваю веру, нягледзячы на розныя выпрабаванні, быць добрым хрысціянінам і добрым чалавекам, прасіць у Панны Марыі ласку сапраўднай любові, прабачэння і добразычлівасці ў нашых сэрцах. Такім чынам мы можам быць святлом для іншага чалавека”.

Ксёндз Уладзіслаў Сурвіла, пробашч парафіі і кусташ санктуарыя ў Тракелях, падзякаваў прысутным за ўдзел і запрасіў на дыяцэзіяльныя ўрачыстасці, якія пройдуць там 11-12 ліпеня.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі