Skip to main content

Біскуп Гродзенскі ў Макараўцах: “Касцёлу патрэбны сучасныя Пётр і Павел, каб прабываць у адзінстве і шукаць тых, хто згубіўся”

makarowce 30

29 чэрвеня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй наведаў парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Макараўцах (Бераставіцкі дэканат), дзе ў гэты дзень адзначалася адпустовая ўрачыстасць у гонар апосталаў Пятра і Паўла.

У парафіяльным касцёле ў гэтую ўрачыстасць збіраюцца шматлікія мясцовыя вернікі і госці.
Імшу біскуп цэлебраваў у інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці на чале з яе пробашчам кс. Паўлам Беланосам, які ў гэты дзень святкаваў імяніны.

У гаміліі біскуп назваў урачыстасць святых Пятра і Паўла “днём асаблівай ласкі”, паколькі, па яго словах, “Касцёл дазваляе нам у гэты дзень убачыць яго апостальскія карані, а таксама пытаецца аб нашай веры, місіі і ідэнтычнасці”.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што гэтыя два апосталы не былі святымі з нараджэння, “былі людзьмі з плоці і крыві – змагаліся з уласнай слабасцю, супярэчнасцямі, аднак праз іх Бог здзейсніў вялікія рэчы”. “І праз нас можа здзейсніць таксама”, – дадаў біскуп.

Ён падкрэсліў, што “сёння, у эпоху секулярызацыі і індывідуалізму, Касцёлу патрэбны сучасныя Пётр і Павел: першы – каб прабываць у адзінстве і праўдзе, другі – каб ісці на перыферыю, шукаць тых, хто згубіўся, казаць мовай сучаснага чалавека”.

Іерарх заўважыў, што адпустовая ўрачыстасць – не толькі свята, але і заклік аднавіць сэрцы і супольнасці. Звяртаючыся да парафіян, ён адзначыў, што іх мясцовы Касцёл як супольнасць вернікаў будзе пабудаваны не выпадкова, а тады, калі кожны з іх скажа Езусу: “Ты Месія, Сын Бога жывога, і я хачу ісці за Табой”. Біскуп пажадаў, каб гэтая ўрачыстасць стала для кожнага з парафіян новым пачаткам.

makarowce 25

“У апосталаў не было лёгкага жыцця, але была радасць – бо яны сустрэлі Пана. Гэтая ж радасць сёння даступная для нас у Эўхарыстыі, Божым слове, жыцці супольнасці”, – сказаў іерарх. Ён падкрэсліў, што “Касцёл стаіць не на святасці ідэальных людзей, а на ласцы Бога, якая дзейнічае ў тых, хто шукае Яго з пакорным сэрцам”, і што “Касцёл дае нам вялікіх апекуноў (святых) не для таго, каб толькі дзівіцца з іх, а таму, што іх жыццё павінна стаць заклікам да сучаснага чалавека”.

Звяртаючыся да кожнага з прысутных, біскуп заахвоціў “быць як Пётр: зноў адкрыць Езуса і дазволіць Яму дзейнічаць, нават калі ты слабы, быць чалавекам веры”, “быць як Павел: не захоўваць Евангелле для сябе, а ісці з ім далей, быць чалавекам місіі, абвяшчаць Божае слова паўсюль, дзе ты знаходзішся”.

Ён заклікаў вернікаў парафіі быць падобнымі да супольнасці ранняга Касцёла, разам маліцца і клапаціцца аб тых, хто знаходзіцца ў “духоўнай вязніцы”, а таксама заклікаў шанаваць сённяшняга Наступніка апостала Пятра – Папу Льва XIV, маліцца за яго, бо “ён нясе на сябе цяжар адзінства Касцёла і вядзе Касцёл праз буру сённяшняга часу”.

У канцы Імшы парафіяне падзякавалі біскупу за візіт і за цэлебрацыю літургіі, а таксама выказалі віншаванні пробашчу, пажадаўшы яму дапамогі яго нябеснага апекуна – апостала Паўла.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі