Skip to main content

Канфірмацыя ў лідскай парафіі Божай Міласэрнасці: “Не адкладайце Бога на “калісьці”, будзьце Яго сведкамі цяпер”

lida milasernasci 12

28 чэрвеня, у вігілію ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў лідскай парафіі Божай Міласэрнасці.

Сакрамэнт быў удзелены на святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп.

У гаміліі іерарх адзначыў, што прадстаўленая ў літургічных чытаннях гэтага дня сцэна аздараўлення Езусам чалавека, які з нараджэння не мог хадзіць, кажа “не толькі пра цуд”, а “пра пакліканне Касцёла і пра вашу місію”. Па словах біскупа, тым чалавекам, які не мог хадзіць, “становіцца кожны на нейкім этапе жыцця – паралізаваны грахом, страхам, комплексамі, нявер’ем”, і “кожны хрысціянін, асабліва канфірмаваны, пакліканы казаць: “Устань! Табе не патрэбная манета, табе патрэбны Бог!”

“Канфірмацыя дае дар не толькі для асабістага ўзрастання, а для таго, каб быць тымі, хто падтрымлівае іншых”, – заўважыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.

lida milasernasci 15

Пра святога Паўла біскуп сказаў, што, як прызнаваўся сам апостал, раней ён пераследаваў Касцёл, але пасля сустрэчы з жывым Хрыстом стаў Ягонай апорай;

“Павел быў пераменены таму, што адкрыўся”. Кажучы пра святога Пятра, іерарх адзначыў, што ў Евангеллі Езус тройчы пытаецца ў апостала, ці любіць той Яго, “не таму, што не ведае адказу, а таму, што любоў – аснова паклікання”.

“Канфірмацыя – не “тэхнічны” акт, гэта адказ любові на любоў. Бог пытаецца сёння ў кожнага з вас: “Ці любіш Мяне больш, чым іншыя рэчы? Ці любіш Мяне больш за гаджэты, папулярнасць, лайкі, камфорт?” І толькі пасля станоўчага адказу кажа: “Калі любіш – дык ідзі. Пасві Маіх авечак. Служы. Будзь святлом”. Сакрамэнт канфірмацыі – гэта сакрамэнт даросласці веры, не па ўзросце, а па духу. Вы становіцеся адказнымі, свядомымі, сведкамі”, – нагадаў біскуп канфірмаваным.

Іерарх падкрэсліў, што Дух Святы, якога чалавек атрымлівае ў канфірмацыі, “заўсёды прыходзіць на дапамогу, Ён рэальны, верны”, і параіў клікаць Яго, “калі табе цяжка верыць”, “калі табе цяжка дараваць”, “калі цяжка заставацца чыстым”.

Біскуп даў канфірмаваным тры заданні на далейшае жыццё: штодзённа маліцца, “хаця б тры хвіліны, бо малітва – дыханне душы, без яе вера памірае”, удзельнічаць у Імшы, “бо гэта не абавязак, а патрэба, сустрэча з Тым, хто цябе любіць”, і “жыць верна, быць хрысціянінам не толькі ў касцёле”. “Не адкладайце Бога на “калісьці”.

Не бойцеся святасці. Ідзіце за Хрыстом. Будзьце Яго сведкамі сёння, тут”, – заклікаў іерарх.

У канцы літургіі канфірмаваныя падзякавалі біскупу, а таксама выказалі падзяку за падрыхтоўку да сакрамэнту свайму пробашчу кс. Паўлу Астукевічу і катэхетам, адзначыўшы, што гэтая падзея важная ў іх жыцці і абавязвае іх мужна вызнаваць сваю веру і паступаць згодна з ёю.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі