28 чэрвеня парафія св. Уладзіслава ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) адзначыла адпустовую ўрачыстасць тытулу касцёла.
Святую Імшу ўзначаліў дэкан Іўеўскага дэканату кс. канонік Віктар Субель. Перад літургіяй была магчымасць прыступіць да споведзі.
Пробашч кс. Аляксандр Лебядзевіч прывітаў парафіян, гасцей і запрошаных святароў.
Гамілію прамовіў вікарый іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла кс. Андрэй Каўшук. Святар засяродзіў увагу на тэме радасці. Ён адзначыў, што крыніцай неспакою і боязі ў сэрцы з’яўляецца грэх і што Езус Хрыстус хоча для чалавека трывалай і поўнай радасці. Па словах святара, “гэтай радасці нельга дасягнуць уласнымі сіламі, бо яна з’яўляецца дарам, які прыходзіць да чалавека з Божай любові”. Ксёндз Андрэй дадаў, што “той, хто ўмее любіць, здольны па-сапраўднаму спазнаць радасць, якая знаходзіцца глыбока ў яго сэрцы”, што “без любові няма сапраўднай радасці” і што “нельга прымусіць выконваць Божыя запаведзі з любові, бо Езус не прымушае нас, а запрашае”.
Святар нагадаў словы Пісання: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх”, заўважыўшы, што “крыж Езуса – бясспрэчны доказ Яго любові да кожнага з нас”. Па словах ксяндза Андрэя, важна ўсвядоміць, што Бог любіць чалавека такім, які ён ёсць, і дазволіць Яму ўвайсці ў сэрца чалавека. Таксама было адзначана, што “калі мы сапраўды любім Бога, то не захочам засмуціць Яго”, бо “і ў чалавечых адносінах той, хто любіць, не хоча засмуціць дарагую яму асобу”. Святар дадаў, што, зразумеўшы гэта, можна, як святы Уладзіслаў, адкрыць, што такое сапраўдная і поўная радасць.
У канцы адбылася малітва літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Удзельнікі ўрачыстасці атрымалі благаслаўленне.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі