Skip to main content

Парафія ў Барунах адзначыла з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча ўрачыстасць у гонар апосталаў Пятра і Паўла

baryny 7

29 чэрвеня парафія ў Барунах (Ашмянскі дэканат) адзначыла адпустовую ўрачыстасць у гонар апосталаў Пятра і Паўла.

Адпустовую Імшу ў парафіяльным касцёле цэлебраваў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі арцыбіскуп параўнаў святых Пятра і Паўла, якіх назваў “суперапосталамі”, адносна паходжання, адукацыі, паклікання і місіі.

Іерарх нагадаў, што Пётр, які быў галілейскім рыбаком, першым з людзей вызнаў веру ў Езуса як Месію, за што Хрыстус назваў яго скалай, на якой пабудуе Касцёл, і даў яму ключы Божага Валадарства. Таму на выявах гэты апостал прадстаўлены з ключамі. “Як чалавек ён памёр, але як Пётр – жыве ў сваіх наступніках, Папах Рымскіх, – сказаў арцыбіскуп. – Дзякуючы гэтаму Касцёл з’яўляецца знакам адзінства і своечасова адказвае на небяспечныя выклікі. Калі ў старажытным Рыме людзі стараліся распазнаць свой лёс па шапаценні лісцяў на дубе, які рос на Ватыканскім узгорку, то сёння не толькі рымляне, але і ўвесь свет услухоўваецца ў голас Папы – Пятра нашага часу”.

Кажучы пра апостала Паўла, арцыбіскуп нагадаў, што Хрыстус паклікаў яго са сваіх ганіцеляў. “З фарысея і ганіцеля хрысціян ён стаў выбраным начыннем Хрыста, каб абвяшчаць Евангелле язычнікам”, – сказаў іерарх і дадаў, што гэтага апостала можна назваць “спартсменам, які бяжыць па стадыёне свету”. Ён адзначыў, што Павел быў самым вялікім у гісторыі хрысціянства місіянерам, дзякуючы яго тром місійным падарожжам тагачасны свет пазнаёміўся з Евангеллем і менавіта таму яго называюць апосталам язычнікаў. На выявах ён прадстаўлены з Бібліяй і мячом, прычым гэты меч – не ваенная зброя, а Божае слова, дадаў арцыбіскуп.

Ён сказаў, што Пётр і Павел былі рознымі і паміж імі нават былі тэалагічныя спрэчкі – перш за ўсё наконт таго, ці павінны язычнікі, якія прынялі хрысціянства, прытрымлівацца юдэйскіх традыцый, але гэтыя спрэчкі адбываліся ў духу ўзаемнай любові, з мэтай знайсці праўду.

baryny 17

“Яны аддалі сваё жыццё за праўду, імя якой Хрыстус. Папа Бэнэдыкт XVI казаў, што хрысціянства – не набор нормаў і прадпісанняў, а сустрэча з Хрыстом. Сённяшні Пантыфік Леў XIV кажа, хто праўда – не філасофская сістэма, а сам Хрыстус”, – заўважыў арцыбіскуп.

Ён дадаў, што два апосталы, “будучы рознымі, вялі людзей да адной мэты – сустрэчы з Езусам” і што яны “патрэбныя Касцёлу, бо дапаўняюць адзін аднаго”: “нам патрэбна стабільнасць Пятра і мабільнасць Паўла”. “Як Хрыстус па-рознаму паклікаў іх, так мы пакліканы па-рознаму ісці за Ім у нашым жыцці”, – падкрэсліў іерарх.

“Прабіў час бараніць нашу веру перад выклікамі секулярызму, маральнага рэлятывізму і рэлігійнай абыякавасці. Няхай прыклад Пятра і Паўла дадасць вам адвагі ў рэалізацыі гэтай місіі ў сучасным свеце. Неабходна разам з Пятром вызнаваць веру ў Езуса Хрыста як Месію і Збаўцу ў часы, калі гэтая вера адкідваецца, а разам з Паўлам – ісці да сучасных язычнікаў, якімі з’яўляюцца тыя, хто ахрышчаны, але не практыкуе сваёй веры, чые богі – кар’ера, багацце і прыемнасці”, – сказаў арцыбіскуп.

Ён заклікаў вернікаў “быць Пятрамі і Паўламі нашага часу”, “разам з Пятром адказваць на выклікі сучаснасці так: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця”, разам з Паўлам казаць: “Бег завяршыў, веру захаваў і мяне чакае ўзнагарода Божага Валадарства”.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі