27 чэрвеня біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй наведаў сваю родную парафію св. Вацлава ў Ваўкавыску. Разам са шматлікімі прысутнымі парафіянамі іерарх дзякаваў Богу за сваё 50-годдзе, якое адзначаў некалькі дзён таму.
Таксама біскуп успомніў у малітве ўдзячнасці спачылага пробашча парафіі – кс. прэлата Антонія Філіпчыка, які прысвяціў служэнню гэтай супольнасці ўсё сваё жыццё.
У гэты дзень святкавалася ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, якая мае для ваўкавыскай парафіі асаблівае значэнне, бо ў галоўным алтары яе касцёла знаходзіцца абраз Сэрца Езуса.
У гаміліі біскуп прызнаўся, што адчувае вялікую сувязь з гэтай зямлёй і парафіяй. Кажучы пра ўрачыстасць, ён заўважыў, што ў кантэксце яго 50-годдзя прысутнасць Сэрца Езуса для яго з’яўляецца “сімвалам Божай апекі і любові”, якую ён адчувае кожны дзень.
Біскуп звярнуў увагу на тое, што Сэрца Езуса на абразе паказана звонку “як сімвал любові, якая адкрыта для свету”. Па яго словах, “таямніца Сэрца Езуса – адна з самых прыгожых і глыбокіх у Касцёле”, яна нагадвае, “што няма любові большай за тую, якую Езус праявіў на крыжы”, “Яго Сэрца – сімвал любові, якая не ведае межаў, якая аддае жыццё за іншых”.
“У Яго вачах кожны чалавек – каштоўнасць. Бог не пакідае нас, нават калі мы адыходзім ад Яго. Як пастыр шукае згубленую авечку, так Езус шукае нас, не спыняючыся, – сказаў іерарх. – Сэрца Езуса – месца, дзе ніякае зло, ніякія пакуты, ніякі грэх не могуць знішчыць Божую любоў. Любоў Езуса не заканчваецца на крыжы, яна прабывае ў вечнасці і можа дасягнуць кожнага. У любові Езуса гаворка ідзе не толькі пра тэорыю, а пра канкрэтныя дзеянні. Езус любіць нас не здалёк, а набліжаецца да нас асабіста, не застаецца абыякавым да нашых патрэбаў”.
“Папа Францішак адзначаў, што гэтае Сэрца – крыніца перамянення чалавечага сэрца, – дадаў біскуп. – Сэрца Езуса – як агонь, які не перастае гарэць і не дае нам заставацца абыякавымі да патрэбаў іншых. Любоў Сэрца Езуса не пасіўная, гэта любоў, якая ставіць перад намі выклік, заклікае адкрыць нашыя сэрцы для іншых, дзяліцца тым, што мы атрымалі. Як Езус аддаў нам усё, так і мы павінны даваць іншым. Гэта сапраўдная таямніца любові – аддаваць сябе іншым, не лічыцца з коштам”.
Былога пробашча парафіі, кс. Антонія Філіпчыка, іерарх назваў “чалавекам, які жыў у духу Сэрца Езуса, жыццё якога было поўнае ахвяры, любові і адданасці, які ніколі не шкадаваў сіл, каб служыць Богу і людзям”. “Успамінаючы яго сёння, мы адкрываем праўду, што сэрца, якое выконвае Божую волю, не замкнутае ў сабе, а адкрытае для іншага чалавека. Ксёндз прэлат быў прыкладам таго, як любіць бязмежна, служыць з любоўю і пакорай”, – заўважыў пастыр дыяцэзіі.
“Дзякую вам за кожную хвіліну, якую я змог перажыць з вамі, маімі землякамі, – сказаў біскуп парафіянам. – Кожны з вас – частка майго жыцця, і гэтая парафія – мая сямейная супольнасць, з якой я чэрпаю сілы і надзею”.
Ён пажадаў, каб гэтая Імша была выразам падзякі “за любоў Збаўцы, якая пастаянна вядзе нас, не пакідае, нават калі мы аддаляемся”, і заахвоціў прасіць Езуса аб тым, каб Яго Сэрца “стала для нас крыніцай не толькі суцяшэння, але і сілы, каб несці Яго любоў іншым”. “Любоў Езуса – любоў, якая перамяняе. Няхай гэтае Сэрца напаўняе нашы сэрцы, каб мы сталі Яго сведкамі ў свеце”, – дадаў біскуп.
У канцы літургіі парафіяне на чале з пробашчам кс. Марэкам Занеўскім выказалі іерарху словы віншаванняў, у якіх гучаў гонар за тое, што сын іх зямлі ўзначальвае Касцёл на Гродзеншчыне. Яны пажадалі яму шмат сіл і добрага здароўя.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі