Skip to main content

Новы нунцый сустрэўся з біскупамі Беларусі

cq5dam.thumbnail.cropped.1500.844 25

“26 чэрвеня ў Мінску адбылася першая сустрэча біскупаў Беларусі з новым Апостальскім нунцыем у Рэспубліцы Беларусь”, - паведаміла ў Instagram Пінская дыяцэзія.

Арцыбіскуп Іньяцыа Чэфалія “прадставіў сабраным біскупам дакумент Апостальскай Сталіцы аб сваім прызначэнні на пасаду нунцыя ў нашую краіну”, а кожны з прысутных іерархаў мог “расказаць пасланніку Папы пра сваю гісторыю, падзяліцца досведам служэння ў Касцёле”, - гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што Касцёл на Піншчыне на сустрэчы прадстаўлялі ўсе тры біскупы: Антоні Дзям’янка, Андрэй Зноска і Казімір Вялікаселец, “якія шчыра запрасілі папскага легата на маляўнічае Палессе, да вернікаў, што святкуюць 100-годдзе сваёй дыяцэзіі”.

Арцыбіскуп Іньяцыа Чэфалія быў прызначаны нунцыем у Беларусі 25 сакавіка 2025 года. Ураджэнец італьянскага Палерма, ён знаходзіцца на дыпламатычнай службе Святога Пасаду з 2006 года.

Біскупскую сакру іерарх атрымаў 22 мая 2025 года з рук кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна. У сваім першым слове пасля пасвячэння папскі дыпламат падкрэсліў, што пачынае сваю новую місію “з глыбокім жаданнем служыць і будаваць масты”. “Я прыкладу ўсе намаганні, каб распаўсюджваць радасць Евангелля, працаваць дзеля дабра краіны і яе вернікаў”, - дадаў арцыбіскуп Чэфалія.

Паводле Vatican News