Skip to main content

У парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах адзначылі адпустовую ўрачыстасць

halszany 9

24 чэрвеня ў парафіі ў Гальшанах (Ашмянскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля.

Вернікі гэтай парафіі вельмі ўшаноўваюць свайго нябеснага заступніка.

Па запрашэнні пробашча а. Багуслава Вуйтовіча OFMConv галоўную Імшу узначаліў кс. Павел Раманоўскі – дэкан Ашмянскага дэканату і пробашч парафіі ў Граўжышках. У літургіі ўдзельнічалі парафіяне, госці, духавенства. Была магчымасць прыступіць да споведзі.

Гамілію прамовіў пробашч парафіі св. Юрыя ў Варнянах кс. Віктар Захарэўскі, які паходзіць з гальшанскай парафіі. Ён нагадаў гісторыю нараджэння Яна Хрысціцеля і яго жыццёвы шлях. Звяртаючы ўвагу на словы Евангелля пра святога Яна: “…разважалі пра гэта ў сэрцах сваіх і казалі: “Што ж гэта будзе за дзіця?” Бо рука Пана была з ім” (Лк 1, 66), ксёндз Віктар адзначыў, што гэты святы выканаў атрыманую ад Бога задачу, бо паступаў згодна з Яго воляй.

Святар дадаў, што Ян Хрысціцель указаў людзям на Езуса, пра якога гаварыў: “…ідзе мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях” (Лк 3, 16), і што гэты святы “да канца быў верны Богу, вучыў праўдзе і жыў ёю”. Ксёндз Віктар падкрэсліў, што сённяшнія людзі павінны вучыцца ад святога Яна гэтай праўдзе, і пажадаў: “Няхай Бог узрастае ў нашых сэрцах і будзе заўсёды праслаўлены, няхай пранікае ў нашыя сэрцы сваім святлом, каб мы хацелі пазнаваць Божае слова і жыць ім”.

halszany 27

Таксама ксёндз Віктар пажадаў імкнуцца да святасці на ўзор святых і, “прайшоўшы праз парог смерці, дасягнуць у вечнасці мэты, да якой дайшлі нашы папярэднікі – усе святыя, – трапіць у іх супольнасць і там праслаўляць Адзінага Бога ў Найсвяцейшай Тройцы”.

Пасля Імшы прысутныя памаліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам літаніяй да Яна Хрысціцеля. Затым адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла і кляштара францішканаў, якія служаць у Гальшанах.
Урачыстасць аздабляў спевам парафіяльны хор. У канцы праспявалі гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”.

Вернікі павіншавалі з імянінамі пробашча парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах кс. Яна Варанецкага. Пробашч гальшанскай парафіі таксама павіншаваў з імянінамі ўсіх, хто носіць імя Ян або Яніна, і падзякаваў прысутным за супольную малітву.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Людміла Пясецкая