Skip to main content

У Вішневе прайшлі парафіяльныя місіі

visznewa 4

З 15 па 22 чэрвеня ў парафіі св. Юды Тадэвуша ў Вішневе (Смаргонскі дэканат) прайшлі святыя місіі, якія праводзілі айцы рэдэмптарысты Андрэй Врублеўскі і Віктар Бохан.

Місіі ў гэтай парафіі адбываліся ў 2011 годзе з нагоды 200-годдзя з пачатку будаўніцтва касцёла. У 1811 г. адбылося благаслаўленне вуглавога каменя пад будаўніцтва, працягвалася будаўніцтва дзесяць гадоў, у 1820 г. касцёл асвяцілі. У 200-гадовы юбілей касцёла былі запланаваны новыя місіі. Тады падчас душпастырскага наведвання парафіян у перыяд Божага Нараджэння пробашч кс. канонік Антон Казлоўскі дарыў кожнай сям’і кнігу аб парафіі “Святыні маўклівыя цені” аўтарства былога парафіяніна Анатолія Шчучко, таксама кожная сям’я атрымала каляндар на 2020 год, дзе на чэрвень быў пададзены расклад будучых місій у парафіі. Але ў той час яны не адбыліся з-за эпідэміі каранавірусу.

28 чэрвеня 2020 г. з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча святкаваўся 200-гадовы юбілей з часу асвячэння касцёла. У парафіі адбылася адпустовая Імша, якой папярэднічала прэзентацыя кнігі “Святыні маўклівыя цені”, а пасля Імшы было здзейснена благаслаўленне шасцітоннага каменя з надпісам “1820 2020” у памяць аб юбілеі. “У надпісе дэфіса паміж датамі не было таму, што жыццё парафіі працягваецца, пра што сведчылі цяперашнія місіі з удзелам вялікай колькасці парафіян і гасцей”, – паведамляецца нам.

visznewa 18

У парафіі адзначаюць, што ўдзел у гэтых місіях у цяперашнім Юбілейным годзе быў для вернікаў “часам духоўнага аднаўлення”. У межах місій разважалі над фундаментальнымі праўдамі веры, якія місіянеры прадстаўлялі ў казаннях і набажэнствах. Кожны дзень праходзілі адмысловыя набажэнствы: паяднанне і прымірэнне, выбар Езуса Панам жыцця, у канцы дня – заклік да Маці Божай. “Калі гаварыць словамі апостала Паўла, удзельнікі місій былі ўзняты калі не ў сёмае неба, то вельмі высока”, – так паведамляюць пра гэта нам.

Таксама місіянеры наведалі кожную сям’ю парафіі, што лічаць асабліва паспяховым і плённым. Для місіянераў гэта быў першы падобны вопыт у абвяшчэнні Божага слова. Гэта было зроблена па прапанове пробашча, які падрыхтаваў расклад наведвання сем’яў такім чынам, што місіянер змог пабываць у кожным доме парафіі і нават на кожным хутары.

Скончыліся місіі ў адпустовую ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля. У парафіі гэтая ўрачыстасць заўсёды пераносіцца на бліжэйшую нядзелю, каб як мага больш людзей магло прыняць удзел у фэсце. Святую Імшу ва ўрачыстасць цэлебраваў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска – сябар пробашча і парафіі. Галоўнай тэмай казання іерарха была любоў да бліжняга.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

Фота: Вікторыя Шэршань