У другі дзень Агульнабеларускіх дзён моладзі ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, 22 чэрвеня, прайшла прэзентацыя моладзі ўсіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі і Апостальскай адміністратуры для грэка-католікаў. Таксама адбылася размова з біскупамі.
У межах прэзентацыі душпастыры моладзі і самі маладыя людзі распавялі пра асаблівасці кожнай тэрытарыяльнай часткі Касцёла. Гродзенскую дыяцэзію прадстаўляла моладзь гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці.
У ходзе размовы з біскупамі маладыя людзі змаглі задаць іерархам пытанні. У размове ўдзельнічалі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска.
Пытанняў было шмат. Моладзь цікавілі моманты прыватнага жыцця біскупаў, тое, як яны адпачываюць, якой кухні аддаюць перавагу, ці любяць займацца спортам. Гучалі пытанні: “Што б Вы змянілі ў кіраванні Паўсюдным Касцёлам, калі б былі абраны Папам?” “Чаму, хоць Бог добры, некаторыя дзеці хварэюць на рак?”
Пыталіся пра мову на святой Імшы, пра прысутнасць святароў у сацсетках, а канкрэтна пра тое, “наколькі гэта мэтазгодна і як бы біскупы ацанілі іх лічбавы кантэнт”, пра стаўленне Касцёла да крэмацыі і да штучнага інтэлекту.
Пасля адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, на якой маладыя людзі маглі праслаўляць Бога і дзякаваць Яму. Таксама была магчымасць прыступіць да споведзі.
Скончыўся дзень канцэртам, з якім выступіў мінскі музычны гурт “Verbum Dei”, і благаслаўленнем, якое ўдзяліў прысутным біскуп Уладзімір Гуляй.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі