У другі дзень Агульнабеларускіх дзён моладзі ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, 21 чэрвеня, для ўдзельнікаў цэлебраваў святую Імшу біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, намеснік старшыні беларускага каталіцкага епіскапату.
Канцэлебравалі літургію арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі кс. прэлат Кшыштаф Сэрока, душпастыры моладзі беларускіх дыяцэзій.
У гаміліі біскуп Віцебскі сказаў: “На гэтай сустрэчы мы можам убачыць, колькі нас”. Ён дадаў, што “Каталіцкі Касцёл вялікі і паўсюдны”, і заахвоціў прысутных “дзякаваць за магчымасць такой сустрэчы”.
Таксама іерарх закрануў тэму любові да сябе. Па яго словах, гэтая любоў павінна азначаць прыняцце сябе. “Мы ніколі не будзем любіць іншага, калі не будзем любіць сябе”, – адзначыў ён і патлумачыў, што гэтага не трэба блытаць з эгаізмам і пыхай.
Па словах біскупа, важна “быць з Хрыстом і прыняць Яго Божую любоў”. “Не важна, якое балота ў нашым сэрцы. Езус вычысціць яго, вылечыць кожнае сэрца, – заўважыў іерарх. – Запрасіце Езуса ў свае сэрцы! Ён ёсць любоў”.
У канцы Імшы біскуп між іншым падзякаваў арганізатарам моладзевага форуму за “старанні, прыкладзеныя для таго, каб правесці яго на высокім узроўні”.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі